Выстава «Конь у паліто» мінскага мастака Руслана Вашкевіча адкрылася 17 кастрычніка ў брэсцкім гандлёвым цэнтры «Мільённы».

Экспазіцыя была створаная для мясцовага музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». Гэта — эксклюзіўны праект каманды мінскіх аўтараў. Аднак за тры дні да адкрыцця выставы кіраўніцтва музея забараніла на сваёй тэрыторыі правядзенне выставы ў тым выглядзе, у якім планаваў мастак, заявіўшы, што прэс-рэліз аб выставе занадта агрэсіўны. Вашкевіч лічыць, што рашэнне забараніць выставу прымаў не дырэктар музея, паколькі праект папярэдне быў абмеркаваны і ўзгоднены.

Прэс-рэліз меў наступны змест: «Хто-хто? Інкогніта! Праект Руслана Вашкевіча «Конь у паліто» — гэта пошук зваротнай сувязі праз парушэнне межаў музея пагранічнага горада з дапамогай несанкцыянаваных метадаў экспанавання. Пралом у бяспецы — вось тыя дзверы, праз якія з'яўляецца Конь у паліто. І, як паказвае практыка, уваходзіць ён у абсалютна любую прастору дзякуючы сваёй шматаблічнасці. Ён не бярэ ганарару, а ў сваіх унутраных кішэнях прыносіць батон з напільнікам і глыток неабходнага свежага паветра».

У выніку каманда Руслана Вашкевіча перанесла выставу ў звычайны гандлёвы цэнтр на вуліцы Савецкай.

У самым цэнтры экспазіцыі знаходзіцца напоўненая алкаголем труна, таксама можна ўбачыць карціны, інсталяцыі, кніжны стэлаж, на якім кнігі сабраныя такім чынам, што на іх вокладках з'яўляюцца малюнкі аголеных жанчын; стары халадзільнік, у якім рука з пярсцёнкам.

«Гэта мастацкі праект пра межы, кантрабанду, створаны для пагранічнага горада. Гэтай ідэяй кантролю над межамі я і быў натхнёны, — заявіў БелаПАН Вашкевіч. — Сённяшняе мастацтва немагчыма без пераходу межаў. Сам музей мне здаўся дзіўным месцам, гэта музей экспанатаў, канфіскаваных на мяжы, на мытні — гэта калекцыя ікон, карцін. У кожную залу я меркаваў паставіць па адным аб'екце, якія б працавалі, як лямпачка запальвання для актыўнага маладога гледача, меўся на ўвазе інтэрактыў. У апошні момант гэтага не здарылася».

Вашкевіч лічыць, што кіраўніцтва музея проста спалохалася ўласнай адвагі. «Праект ужо ехаў у Брэст, калі музей даў задні ход. У выніку прыйшлося шукаць памяшканне, і ўсё атрымалася. Праект рыхтаваўся год, але перад самым адкрыццём дырэктар музея сказала, што праект можа адбыцца за вылікам паловы аб'ектаў. Гэта стала б зусім бяззубай дзіцячай выставай, і ад яе адмовіўся ўжо я», — сказаў мастак.

«Праект Руслана Вашкевіча вельмі цікавы, у ім мастак спрабуе гуляць з відавочнымі ў нашым жыцці рэчамі: з паняццем мяжы, з паняццем культурнай індустрыі і паняццем культурнай канфіскацыі, спрабуе разабрацца з нашымі адносінамі з культурнымі нормамі і канонамі. Пры гэтым мастак ставіцца да гэтага іранічна, часам нават цынічна», — ахарактарызаваў выставу культуролаг Максім Жбанкоў.

Дырэктар музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» Ірына Тарыма так пракаментавала адмену экспазіцыі: «Выстава не адпавядае фармату нашага музея. Хацелася, каб аўтар яшчэ папрацаваў і прапанаваў іншую выставу. Гэтая нам не падыходзіць».

Руслан Вашкевіч — беларускі мастак, прадстаўнік канцэптуальнага мастацтва, член Беларускага саюза мастакоў і Citе Internationale des Arts (парыжская міжнародная рэзідэнцыя для мастакоў). Яго персанальныя выставы праходзілі ў Мінску, Амстэрдаме, Гранадзе, Кіеве, Маскве, Парыжы, Рыме, Страсбургу, Таліне, Чыкага і іншых гарадах. Яго працы прадстаўленыя ў калекцыях Музея сучаснага мастацтва (Мінск), Нацыянальнага мастацкага музея (Мінск), Музея сучаснага рускага мастацтва (Нью-Ёрк), Музея новага мастацтва (Пярну) і прыватных калекцыях.

Выстава «Конь у паліто» будзе працаваць да 24 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?