Мікалай Кураеў, які ўзначальвае аднаго з найбуйнейшых беларускіх распрацоўшчыкаў і дыстрыб'ютараў праграмнага забеспячэння ScienceSoft, распавёў, як беларусы могуць канкураваць з індыйскімі праграмістамі.

kv.by

kv.by

«На рынку танных прадуктаў і паслуг канкураваць з індыйскімі распрацоўшчыкамі ўсё роўна немагчыма, таму замест таго, каб зніжаць цэны, мы павінны нарошчваць кампетэнцыі і прапаноўваць дарагія гатовыя рашэнні», — распавёў Мікалай Кураеў у інтэрв'ю часопісу Timecity Magazine.

«Выклікі, з якімі нам даводзілася і даводзіцца сутыкацца, разнастайныя, — адзначае эксперт. — Напрыклад, цяпер цэны на нашы паслугі падымаць цяжка, а зарплата праграмістаў расце прыкладна на 10% у год у даляравым эквіваленце. Да ўзроўню ЗША па выдатках на супрацоўнікаў мы, напэўна, не дарасцем, але нашы работнікі ўжо атрымліваюць чыстымі на рукі больш, чым іх калегі ў Фінляндыі пасля выплаты падаткаў. Таму прыбытковасць аўтсорсінгавых распрацовак непазбежна падае».

Праблемай для многіх айчынных кампаній, якія працуюць з еўрапейскімі замоўцамі, стала падзенне курса еўра.

«У нас шмат замоваў з Еўропы, еўрапейскія замоўцы не гатовыя да павелічэння кошту нашых сэрвісаў у еўра, а выдаткі ў большасці сваёй прывязаныя да даляра, — канстатуе Мікалай Кураеў. — На гэтым фоне мы зноў павінны прымаць рашэнні, якія можна назваць чарговай зменай бізнэс-мадэлі».

Такімі рашэннямі для ScienceSoft стала актыўнае развіццё ў ЗША і на іншых рынках. Павелічэнне колькасці кліентаў і, адпаведна, рост даходаў на рынку ЗША прывялі да адкрыцця ў сярэдзіне 2015 года амерыканскага офіса Навуксофту ў Мак-Кіні (Тэхас). У пачатку 2015 года кампанія адкрыла новы офіс распрацовак у сталіцы В'етнама — Ханоі.

«Па-першае, мы вырашылі актыўна змяняць рынкі, адкрылі офіс у ЗША, сталі нарошчваць продажы ў рэгіёне Персідскага заліва. А па-другое, замест аўтсорсінгавай работы на IT-кампаніі мы зараз актыўна працуем з канчатковым спажыўцом праграмных прадуктаў, прапануем кансультацыі і гатовыя рашэнні нашым новым кліентам, — распавядае кіраўнік ScienceSoft. — І гэта зусім новая ніша, дзе ў нас з'яўляюцца новыя канкурэнтныя перавагі ў параўнанні з тымі ж індыйскімі праграмістамі: у нас лепшая адукацыя, мы бліжэйшыя па гадзінных паясах і менталітэту, нашы бізнэс-аналітыкі могуць прапанаваць некалькі варыянтаў рашэння. Калі выкарыстаць параўнанне з іншых абласцей, то мы — як літоўскія будаўнікі, якія працуюць якасна і дорага ў параўнанні з усходнімі або сярэднеазіяцкімі гастарбайтарамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?