facebook.com/jane.korsunova

facebook.com/jane.korsunova

Вечарам у аўторак 18 кастрычніка ў сацсетках з'явілася незвычайнае фота: саліднага выгляду жанчына ў чорным касцюме плыве на дошцы для сёрфінгу пасярод Свіслачы, насупраць парку Купалы. Здымак імгненна разлятаецца па інтэрнэце, яго публікуюць некаторыя сайты.

«Што гэта такое?» — пытаюцца адны. «Вар'ятка!» — адказваюць іншыя. Але ў захапленні ад незвычайнага відовішча ўсе.

Еўрарадыё дазванілася да Алены Шэўчык (так завуць гераіню на фота), калі тая акурат удзельнічала ў чарговым заплыве. «Ой, я цяпер на вадзе, перазваніце мне хаця б праз гадзінку», — просіць яна.

Праз гадзіну расказвае, што здымак быў зроблены не 18 кастрычніка, а на самым пачатку месяца — 2-га чысла.

«Я была тады не адна, як гэта можна зразумець са здымка. Проста так у кадр трапіла. Нас было дзесяць чалавек тады, мы акурат закрывалі сезон», — расказвае Алена.

Алена жыве ў Мінску, цяпер — у дэкрэтным адпачынку. Па прафесіі яна швачка. «Убачыла пост «Укантакце», перапосціла. Адзін знаёмы ўбачыў, набыў сабе дошку, і я неяк таксама ўцягнулася. Вось сёлета набыла сабе дошку», — расказвае Алена Шэўчык.

Па яе словах, займацца не самым пакуль папулярным у Беларусі сап-сёрфінгам вельмі проста: дастаткова нават не прафесійнай карбонавай, а надзіманай дошкі, якая змяшчаецца ў невялікім заплечніку. У нашай краіне ўжо праходзяць нават спаборніцтвы, ёсць актывісты, невялікая супольнасць і сайт, прысвечаны сап-сёрфінгу.

«Я спадзяюся, што ў наступным годзе сап-сёрфінг стане яшчэ больш папулярным. Думаю, не адны спаборніцтвы пройдуць… Шмат хто нават ёгай на дошках займаецца. Мы ў Пецярбург ездзім на фестывалі. Сёлета там 170 дошак на вадзе было адначасова», -- расказвае Алена.

Па словах Алены, з беларускімі ўладамі ў сап-сёрфераў пакуль няма праблем, але і дапамогі таксама няма. Актывісты гэтага віду спорту спадзяюцца, што ў будучыні ў іх атрымаецца альбо арганізаваць сваю федэрацыю, альбо далучыцца да ўжо існуючых.

«Пастараюся выкарыстаць папулярнасць гэтага фота. Ужо стварыла «Укантакце» групу «Адважная мінчанка», буду туды посціць усе навіны і інфармацыю пра кошты на абсталяванне, неабходныя кантакты», — кажа Алена. І дадае, што звычайна спускаецца на ваду ў ратавальнай камізэльцы. Так што здымак без яе, хутчэй, выключэнне.

Што такое сап-сёрфінг?

Сап-сёрфінг — асаблівы від катання на дошцы па вадзе, які не патрабуе хваляў, катацца можна па азёрах і рэках. Спартсмен, які стаіць на дошцы, адштурхоўваецца вяслом. Сап-сёрфінг літаральна азначае «веславанне стоячы». Сап-сёрферы ў асноўным выкарыстоўваюць надзіманыя дошкі. Яны зручныя тым, што іх можна скласці і ўзяць з сабой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?