Ахоўнікі з Магілёва ездзілі на трэніроўку да расійскага баевіка Мільчакова
У суполцы дыверсійнай групы ДНР «Русіч» з'явілася фота, дзе 14 чалавек у камуфляжы і са зброяй стаяць пад чырвона-зялёным беларускім сцягам. Твары замазаныя, каб «не паліць людзей», як пішуць у абмеркаванні на старонцы УКантакце.

«На мінулым тыдні інструктары ДШВБ «Русіч» правялі камерцыйную трэніроўку па тактыцы і агнявой падрыхтоўцы для нашых сяброў з Беларусі», — такім подпісам суправадзілі фота баявікі.
Твары ўдзельнікаў замазаныя, адкрытыя толькі інструктарскія — у прыватнасці, Аляксея Мільчакова, які вядомы сваёй жорсткасцю і ўдзелам у вайне на Данбасе.
Гэта ён фігураваў у расследаванні «Нашай Нівы» пра спробы вывазу беларускіх школьнікаў на трэніроўкі да неанацыстаў у Падмаскоўе.
Але што ж за людзі на фота побач з ім?
«Наша Ніва» ідэнтыфікавала іх.
Праўда, беларусы сярод іх не ўсе. Напрыклад, цэнтральны чалавек (адразу за сцягам) — расіянін з Пецярбурга.

Але большасць — беларусы, хлопцы з Магілёва, сябры нефармальнага аб'яднання «Сілавая суполка Русіч».
Гэтыя хлопцы займаюцца аховай розных мерапрыемстваў, напрыклад, канцэртаў, займаюцца спортам.

«Наша Ніва» звязалася з чалавекам, які каардынаваў выезд беларускай групы на трэніроўку да Мільчакова (па іншай версіі, трэніроўка адбылася ў Беларусі).
Гэта Дзмітрый Мядзведзь (прозвішча, можа быць, несапраўднае) — майстар спорту па паўэрліфтынгу, выпускнік Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова.

Пасля даведзеных намі фактаў ён не стаў адмаўляць, што разам з сябрамі ездзіў да Мільчакова. Хто на каго выйшаў, праўда, не сказаў, але некаторыя дэталі распавёў.
«У нас баевікоў няма, — сказаў ён. — У нас ёсць добрыя страйкбалісты, якім цікава менавіта вядзенне бою, набліжанага да рэальнасці, для гульні. Ніякіх палітычных размоў з гэтай групай у нас не вялося, ніякіх «Магілёўскіх народных рэспублік» мы ствараць не плануем, гэтага не было».

Дзмітрый запэўніў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.
«Я па-беларуску гаварыць магу, мову шаную. Ні пра які сепаратызм гаворкі не ідзе. У мяне ўвогуле шмат сяброў ва Украіне, для мяне Крым — украінскі. Спадзяюся, што на Данбасе таксама неўзабаве ўсё суцішыцца, і ён стане ўкраінскім», — вось што сказаў нам гэты Мядзведзь.
Мы спыталі, што ён думае пра Мільчакова.
«Талковы малады чалавек, начытаны, цікавы суразмоўца, я б не сказаў, што ёсць такія замашкі, чалавек адэкватны», — адказаў Дзмітрый.
А чаму твары на фотах замазвалі? Паводле ягоных словаў, твары замазаныя, каб іх не пазналі, і для яго званок з «Нашай Нівы» стаў нечаканасцю.
«Відаць, хутка і з іншых структур патэлефануюць. Ну што ж, давядзецца пагутарыць», — падсумаваў ён.
Як нам распавялі людзі, знаёмыя з гэтай тусоўкай, у светапоглядзе Дзмітрыя Мядзведзя лёгка заблытацца: «Ён адначасова за БНР, ДНР, ЛНР і ВКЛ».
Каментары