Генадзь Бураўкін, паэт: «За талент праўды»

За праўду. Хаця праўду можна прамаўляць і бяздарна. Таму, перш за ўсё, мы цэнім Быкава за яго талент. Талент праўды. За агромністы мастацкі талент, спалучаны з вялікай жыццёвай праўдай.

Васіль, бізнесмен: «Ён быў прыстойным чалавекам»

Аднойчы Быкаў атрымаў расійскую прэмію «Трыюмф», што заснаваў Барыс Беразоўскі, які ўжо трапіў у апалу. У Маскве быў урачысты прыём у тэатры. Фракі, госці, тосты, фота- і тэлекамеры. Усе ўзнагароджаныя -- а іх было нямала, бо «Трыюмф» прысуджаўся за розныя жанры мастацтваў -- выступалі з прамовамі. І ўсе прамаўлялі пра вялікіх сябе, пра свае вялікія планы і пра свой вялікі творчы шлях. І толькі адзін чалавек з беларускай вёскі Бычкі выйшаў і падзячыў асабіста Беразоўскаму. На тым вечары Быкаў быў адзіны, хто ўзгадаў заснавальніка прэміі. Без якога не было б ні вечарыны, ні свята, ні прамоваў. Гэта вельмі яскрава яго характарызуе. Ён быў, найперш, прыстойным чалавекам. Як у сваіх учынках, так і ў сваіх словах – ці прамоўленых, ці напісаных.

Пятро Васючэнка, пісьменнік: «За гуманізм»

Для мяне Васіль Быкаў – гэта, так бы мовіць, экзістэнцыяліст у беларускай рэдакцыі. Ён здолеў надаць гэтай даволі песімістычнай філосафіі гуманізм і аптымізм. У яго безнадзейныя фіналы. Але ёсць абгрунтаванне мэтазгоднасці выбару. А экзістэнцыялізм у заходнееўрапейскай рэдакцыі кажа пра бессэнсоўнасць выбару. У яго ж у кожным творы, дзе гэты выбар адбываецца, ён мае сэнс. А гэта значыць, мае сэнс і чалавечае існаванне. Яшчэ мы Быкава цэнім за ўніверсальны гуманізм. Ён, пішучы ваенныя творы, адзін з першых паставіў пытанне пра тое, ці маюць права ўцягвацца ў вайну жанчыны, дзеці і старыя. І нават здаровыя мужчыны. Ці можам мы патрабаваць ад чалавека звышчалавечага.

Надзея, пенсіянерка: «Быкаву заўжды хацелася верыць»

Ёсць людзі, якім хочацца верыць. Быкаву заўжды хацелася верыць. Пачынаючы ад першага яго з’яўлення на шырокай публіцы. А я памятаю, які гэта быў скандал. Як прагрымела ягоная «Мёртвым не баліць». І як мы ім зачытваліся. І хоць я чалавек вельмі савецкі, і праз развал Саюзу перажывала, але супраць бел-чырвона-белага сцягу ніколі слова не скажу. Дзякуючы Быкаву. Ёсць рэчы, якія рабіць нельга. Нельга крыўдзіць Быкава.

Адам Глобус, пісьменнік: «У ім адбіліся мы»

Уся савецкая літаратура займалася звышчалавекам. Не рэальным чалавекам, а звышчалавекам. І героі Быкава – гэта звышлюдзі. Ён таксама быў стваральнікам міфа пра савецкага звышчалавека. Я не люблю звышлюдзей і не люблю пісьменнікаў, якія гэтым займаюцца. Цаніць яго можна за «Пахаджанаў». У адрозненне ад «Сотнікава», «Апошняй ракеты» і «Альпійскай балады», гэтыя казкі напісаныя для беларускага чытача, а не для савецкага. Я іх вельмі люблю. Апошні Быкаў мне вельмі цікавы. Але не «Доўгая дарога». Ягоная дарога да Кузьміна ў ЦК мне малацікавая. А прыпавесці напісаныя не проста для беларусаў, а для грамадзян ужо незалежнай краіны. Якія ідуць, не бачачы свайго шляху і не ведаючы выйсця. Але ж і Быкаў шлях не паказаў. Ён адлюстроўваў, як цьмянае люстэрка – такое хваравітае, песімістычнае. Але ў ім адбіліся мы. І гэта каштоўнасць.

Вінцук Вячорка, палітык: «За прастату»

За ўяўную прастату. Гэта ўяўная прастата зацягвае. Яна палягчае працэс учытвання. І вельмі паказальна, што з развіццём свайго літаратурнага дару Быкаў прыходзіў да кароткіх жанраў. Можа быць, прыпавесці і казкі канца жыцця якраз былі вяршыняй у дэманстрацыі магчымасцяў гэтай уяўнай прастаты. Якая ўрэшце і зводзіцца да падставовых каштоўнасцяў. Да праўды, свабоды і Беларусі.

Валянцін Акудовіч, філосаф: «Дасюль не зразуметы фэномэн Быкава»

Асабіста я цаню творы Быкава за самога Быкава. І гэта не гульня ў словы. Як стыліст ён значна саступаў Міхасю Стральцову. Як эпік – Уладзіміру Караткевічу. У меры чалавечай і духоўнай мудрасці – Янку Брылю. Інтэлектуальна – Алесю Разанаву. І нават Івану Шамякіну ён саступаў, як белетрысту. Але разам з тым, нават таму, хто не вельмі любіць і шануе творчасць Васіля Быкава, некага яму цяжка супрацьпаставіць. Шчыра кажучы, я дасюль не зразумеў феномен Быкава. Пакуль я ведаю толькі адно. Што гэты феномен звязаны не столькі з літаратурным талентам пісьменніка, колькі з ім, як з чалавекам. Дакладней, з масштабам гэтага чалавека. Ён быў роўнавялікі трагічнасці чалавечага быцця. Яго словамі прамаўляла ўрачыстая вусціш. Якой толькі і прыадчынецца ўсепаглынальнае нішто. І, магчыма, якраз мы, як чытачы, праз творчасць Быкава і адчувалі, і разумелі, што жыццё – гэта трагедыя. Але, разам з тым, чытаючы яго, слухаючы яго, мы, напэўна, як ні праз каго яшчэ, і адчувалі, і разумелі, што няма іншага выйсця з гэтай трагедыі, як толькі годна прайсці той шлях, які табе наканаваў твой лёс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?