Сталі вядомыя падрабязнасці трагедыі, якая адбылася 17 кастрычніка ў вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна.
Нагадаем, паводле версіі следчых, 17-гадовы хлопец нападпітку пракраўся ў двор дома, дзе жыла настаўніца беларускай мовы, і, калі 43-гадовая жанчына выйшла з хаты, нанёс ёй 17 нажавых раненняў.
Мясцовы жыхар расказалі Tut.by, што нібыта хлопец яшчэ з лета павінен быў суседцы 600 тысяч рублёў (цяпер — 60 рублёў. — NN.by). Жанчына ў апошні час нагадвала яму пра доўг.
Іншы вясковец паведаміў «Камсамольскай праўдзе», што сабака адразу ўзяў след, затрымалі трох хлопцаў, але двух з іх пасля адпусцілі.
Пра падазраванага ў вёсцы кажуць, што пасля 9-га класа ён сышоў са школы, але нікуды не ўладкаваўся. Разам з бацькам, таксама беспрацоўным, быў аматарам выпіць.