У СБУ катэгарычна абвяргаюць інфармацыю пра тое, што рэйс «Белавія» вярнулі ў Кіеў, пагражаючы падняць знішчальнікі. Пасля таго, як прадстаўнік беларускага авіяперавозчыка паабяцаў апублікаваць перамовы дыспетчара «Украераруха» з экіпажам самалёта, рыторыка ведамства памякчэла. Новыя каментары ад СБУ атрымала выданне «Апостраф».
Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by
У інтэрв'ю выданню «Апостраф» прэс-сакратар украінскай спецслужбы Алена Гітлянская удакладніла, што пры перамовах дыспетчара з камандзірам экіпажу прадстаўнікі СБУ не прысутнічалі, але лічаць пагрозу дыспетчара знішчальнікамі «малаімавернай».
Яна таксама ўдакладніла, што гэты момант «будзе высвятляцца».
«Мы папрасілі вярнуць самалёт, бо мелі абгрунтаваныя падазрэнні. Гэта тычыцца бяспекі, гэта - нармальная сусветная практыка», — падкрэсліла яна.
Гітлянская таксама распавяла, што СБУ пакуль не будзе выдаваць, што менавіта супрацоўнікі спецслужбы знайшлі ў пасажыра, з-за якога вярнулі самалёт «Белавія» ў Кіеў. Ён таксама адмовілася паведаміць, што інкрымінуюць Марцірасяну «ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі».
«Але вы разумееце, што той факт, што мы не затрымалі чалавека, не значыць, што мы не атрымалі тое, што нам трэба. Гэта я вам так, тэарэтычна, кажу», - сказала прадстаўнік СБУ.
Яна таксама пракаментавала заяву аб тым, што ў беларускага боку з-за інцыдэнту з рэйсам «Белавія» ёсць прэтэнзіі ва Украіне.
«Разумееце, калі вы паглядзіце міжнароднае заканадаўства па авіяцыйным руху, вы ўбачыце, што практыка вяртання самалётаў, калі ёсць інфармацыя аб якой-небудзь пагрозе — альбо тэрарыстычнага характару, альбо якая тычыцца нацыянальнай бяспекі, — то гэта нармальны, цывілізаваны шлях вырашэння праблемы, калі абстрагавацца ад дадзенага выпадку. Калі б была інфармацыя, напрыклад, аб закладзенай бомбе - зноў жа, абстрагуючыся ад дадзенага выпадку - і калі б, не дай бог, што-небудзь здарылася, вы бы потым казалі: «А чаму ніхто не адрэагаваў?». Мы папрасілі, каб кампанія пайшла нам насустрач, бо ў нас была вельмі важная інфармацыя, якую нам трэба было праверыць», — заявіла яна.