Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае падняць планку гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Польшчай. Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы з намеснікам старшыні Рады міністраў, міністрам развіцця і фінансаў Польшчы Матэушам Маравецкім.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Польшча маюць пэўны ўзровень тавараабароту [у студзені—жніўні 2016 года беларуска-польскі тавараабарот склаў амаль $1,4 млрд].

«У эканоміцы мы не згубілі, як у палітыцы, кантакты.

Тым не менш планку гэтую трэба падымаць вельмі высока. Бо, калі мы разлічваем на больш цесныя адносіны з нашай бліжэйшай суседкай, нам, вядома ж, трэба ствараць падмурак гэтых адносін. І гэтым падмуркам можа быць толькі эканоміка», — заявіў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок зацікаўлены ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў з Польшчай і гатова аказаць неабходную падтрымку.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што ў эканамічным супрацоўніцтве ёсць і некаторыя азмрочваючыя факты.

«Думаю, што ў ходзе пасяджэння сумеснай камісіі вы зможаце разгледзець іх і намеціць шляхі, як іх нівеляваць, як зблізіць нашы пазіцыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка - Калі мы ў чымсьці не маем рацыі, мы хацелі б, каб і Польшча, і ЕС ў цэлым прадставілі пэўныя жалезабетонныя факты, супраць якіх цяжка будзе выступіць. Я маю на ўвазе антыдэмпінгавы разгляд і гэтак далей».

«Вам як прафесіяналу няма сэнсу тлумачыць рознага роду пікіроўкі з двух бакоў у сферы мытных працэдур, узаемнага гандлю. У кожнай дзяржавы заўсёды на любыя санкцыі знойдзецца мера ў адказ. Упэўнены, што нам гэта не трэба», - адзначыў беларускі лідэр.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў цяперашняй сітуацыі пакутуе і эканоміка Польшчы, асабліва з прычыны эмбарга з боку Расіі і эканамічных цяжкасцяў у суседніх краінах, перш за ўсё ва Украіне. «Таму нам плот гарадзіць з новых нейкіх перашкод у сферы эканомікі не трэба. Мы гатовыя да таго, каб нармальна развіваліся нашы адносіны з вельмі блізкай для нас краінай», - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Калі казаць аб цяперашнім этапе нашага супрацоўніцтва, намецілася пэўная тэндэнцыя да ўстанаўлення боле цесных адносін паміж нашымі краінамі. Думаю, гэта будзе не столькі залежаць ад Беларусі, колькі ад пазіцыі вашай краіны.

Вы бачыце наша імкненне наладзіць добрыя адносіны не толькі з усімі суседзямі, але і з Заходняй Еўропай, ЕС у цэлым «, - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Матэвуш Маравецкі пагадзіўся, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляецца добрай базай для развіцця ўзаемадзеяння ў іншых галінах.

«Польшча з'яўляецца памежнай краінай у ЕС для выхаду на ўсход, а Беларусь з'яўляецца памежнай краінай для выхаду краін ЕАЭС на захад. Дадзены нюанс мы можам таксама сумесна выкарыстоўваць, у тым ліку ў рамках развіцця Шаўковага шляху», - адзначыў польскі віцэ-прэм'ер.

Ён выказаў гатоўнасць абмеркаваць праблемныя пытанні ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва і знайсці неабходныя рашэнні. «Ужо сёння да сустрэчы з вамі мы гаварылі пра беларускія трактары і пастаўкі беларускага цэменту ў Польшчу», - сказаў Матэвуш Маравецкі.

«Мы вызначана хочам, каб супрацоўніцтва давала карысць абодвум бакам. Нам добра вядомыя цяжкасці трансфармацыі. Мы самі праз гэта прайшлі. І выдатна разумеем, які шлях вам неабходна прайсці, і што для гэтага трэба зрабіць», - дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?