Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін на перамовах у Бруселі з камісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханесам Ханам закрануў пытанне аб магчымым поўным зняцці санкцый Еўрасаюза з Беларусі.
Аб афіцыйным візіце ў Брусель беларускай дэлегацыі, які адбыўся на мінулым тыдні, паведаміла сёння прэс-служба ўрада.
Як паведамляе прэс-служба Саўміна, Ёханес Хан адзначыў, што абавязкова абмяркуе пытанне аб санкцыях са сваімі калегамі-еўракамісарамі.
Калінін і Хан таксама абмеркавалі стратэгію і ўдзел Беларусі ў адным з найважнейшых сёння міжнародных праектаў — «Усходняе партнёрства».
Віцэ-прэм'ер Беларусі таксама правёў перамовы з галоўным еўракамісарам транспарту Еўропы Віялетай Булц. Бакі дамовіліся, што агульныя праекты фінансавання рэгіёнаў будуць праходзіць праз найбуйнейшы ў Еўропе Банк рэканструкцыі і развіцця і «Белінвестбанк».
Акрамя гэтага адбыліся сустрэчы Калініна з кіраўнікамі найбуйнейшых індустрыяльных збудаванняў Бельгіі.
Беларуская дэлегацыя наведала ў Бруселі і адзін з самых сучасных футбольных манежаў Бельгіі — стадыён «Геламко Арэна». Таксама адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі аднаго з найбуйнейшых у Заходняй Еўропе партоў ў Генце. У ходзе перагавораў абмяркоўвалася магчымае супрацоўніцтва. Кіраўніцтва пляцоўкі прапанавала свае паслугі ў транспарціроўцы калійных угнаенняў.
Беларуская дэлегацыя наведала сусветны цэнтр апрацоўкі і гандлю алмазамі — Антверпен, дзе азнаёмілася з вопытам арганізацыі марскіх грузаперавозак. Абмяркоўваліся магчымыя сумесныя праекты, паведамляе прэс-служба.