Праект смарт-дазіметра ZIVE кампаніі R-NOX увайшоў у шорт-ліст прэстыжнай еўрапейскай прэміі ў галіне электронікі Elektra Awards 2016. Паведамленне пра гэта з'явілася на сайце прэміі.
Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by
Прыбор, у распрацоўцы якога ўдзельнічалі беларусы, будзе змагацца за перамогу ў намінацыі Internet of Things («Інтэрнэт рэчаў»). У шорт-лісце гэтай катэгорыі - яшчэ пяць праектаў. Канкурэнты вельмі сур'ёзныя: акцыі двух з іх — Semtech і Adesto Technologies — таргуюцца на фондавай біржы NASDAQ, яшчэ аднаго — Utilitywise — на Лонданскай фондавай біржы.
Заснавальнік R-NOX Вадзім Радзівіл жартам назваў свой праект у параўнанні з іншымі фіналістамі «селядцом сярод кітоў». Ён адзначыў, што гэтая сітуацыя паказвае: стартап з беларускімі каранямі можа паспяхова канкурыраваць з мільярднымі карпарацыямі. Таксама ён патлумачыў, што журы конкурсу ацэньвала не толькі саму прыладу, але таксама інфраструктуру «інтэрнэту рэчаў» і аналітыку, якія былі створаныя ў праекце.
Пераможцаў конкурсу абвесцяць 1 снежня на цырымоніі ў Лондане. Elektra Awards - адна з найбуйнейшых еўрапейскіх узнагарод у галіне электронікі, заснаваная часопісам Electronics Weekly. У гэтым годзе прэмію прысудзяць ў чатырнаццаты раз.
ZIVE - прафесійны лічыльнік Гейгера—Мюлера, са зразумелым карыстальніцкім інтэрфейсам і адносна нізкім коштам.
Прылада працуе ў спалучэнні з мабільным тэлефонам і планшэтам, перадаючы дадзеныя праз Bluetooth. Дзякуючы адкрытай праграмнай платформе API, ZIVE можа стаць асновай для распрацоўкі іншых прадуктаў і паслуг у галіне абароны навакольнага асяроддзя і здароўя.
Распрацоўка гаджэта засяроджаная ў Беларусі, а зборка, каліброўка і маркетынг — у Вільні. Прыбор прайшоў сертыфікацыю ў Еўрасаюзе. Заснавальнік R-Nox намякнуў, што ў бліжэйшы час кампанія плануе выходзіць з новым прадуктам на краўдфандынгавую пляцоўку Kickstarter.