29 кастрычніка 1937 года — адна з самых страшных дат у гісторыі Беларусі, нагадвае сайт mfront.net. Так у ноч з 29 на 30 кастрычніка ў сутарэньнях КДБ было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Па расстрэльным спісе, які падпісаны ў тым ліку Сталіным і Молатавым, былі забіты такія выбітныя дзеячы культуры Беларусі як Алесь Дудар, Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Валеры Маракоў, Васіль Сташэўскі, Тодар Кляшторны, Янка Нёманскі.
Маладафронтаўцы заклікаюць 29 кастрычніка на акцыю памяці ахвяраў НКВД/КДБ са знічкамі і з партрэтамі рэпрэсаваных.
Мэту і сэнс акцыі тлумачыць Зьміцер Дашкевіч: «Камуністычны рэжым Савецкага саюза імкнуўся перадусім да таго, каб зьнішчыць нацыянальную эліту Беларусі, тым самым зьнішчыўшы адрозьненьні паміж «братнімі народамі» і падпарадкаваўшы нашу краіну Маскве. Калі ня так, то чаму першымі пад каток рэпрэсіяў траплялі дзеячы культуры? Чаму сярод арыштаваных настаўнікаў зьнішчалі перадусім настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры? Дзеля якой мэты ў 1920 — 1930-я было рэпрэсавана 90% літаратараў? Адны імёны расстрэльнага сьпісу 29 кастрычніка 1937 года — гэта мусібыць вечны прысуд карнай камуністынай ідэалогіі. Таму 29 кастрычніка а 19 гадзіне мы заклікаем усіх да будынка КДБ на акцыю памяці іхных ахвяраў, каб заявіць нашчадкам зладзеяў, што рана ці позна, але злачыства будзе асуджана; каб перад «старэйшым братам» засьведчыць, што насуперак усім злачынствам Беларусь жыве і будзе жыць».