Артыкул Яна Максімюка «Апазыцыя павінна перагледзець мэты» выклікаў сапраўдны выбух водгукаў і камэнтароў на сайце nn.by.

Аўтару ўдалося, што называецца, ухапіць нэрв дыскусіі, якая даўно насьпявала ў беларускім грамадзтве — прынамсі. інтэлектуальной яго частцы. Палемічны артыкул яўна зачапіў многіх апазыцыянэраў за жывое. Водгукі, натуральна, не былі адназначнымі.

Усяго празь некалькі дзён па яго публікацыі адбылося выключэньне з партыі БНФ аднаго з намесьнікаў старшыні — Алеся Міхалевіча. З фармулёўкай: «за непрымальную крытыку» кіраўніцтва Фронту. Цяжка было прыдумаць больш яскравы прыклад таго, што ў найбольш уплывовай дэмакратычнай партыі адбываецца крызіс. У партыі, дзе, згодна зь іншай публікацыяй у «НН», найвышэйшы працэнт моладзі.

Унутрыпартыйная барацьба за лідэрства ідзе ў любой партыі. Гэта нармальна, таксама як і наяўнасьць розных поглядаў сярод дэмакратаў. Аднак, калі зьмест палітыкі апазыцыі зводзіцца да кадравых пытаньняў, ды яшчэ напярэдадні выбараў, на якіх патрэбнае адзінства, міжволі ўспамінаецца шэксьпіраўская фраза: «Прагніла нешта ў Дацкім каралеўстве!»

Ян Максімюк зводзіць у адно цэлае тыя прэтэнзіі і страхі, якія ўжо сфармаваліся ў грамадзкай думцы часткі насельніцтва — і што да апазыцыі, і што да палітыкі кіраўніцтва РБ, і што да кірунку разьвіцьця Беларусі ў цэлым. Тут і адсутнасьць заўважных посьпехаў апазыцыі ў апошніх палітычных кампаніях, адсутнасьць асэнсаванай стратэгіі, зьніжэньне мітынговай актыўнасьці, адсутнасьць дыялёгу ня толькі паміж уладай і апазыцыяй, але і паміж рознымі часткамі грамадзтва, паміж рознымі пакаленьнямі беларусаў.

Пры гэтым Максімюк глядзіць на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі звонку, неангажаваным поглядам, што дадае яму аб’ектыўнасьці. Але гэта і ня погляд чужога чалавека, якому няма справы да будучыні Беларусі, да беларускасьці. Падкупляюць спакойны тон і разважлівасьць аналітыка ў спалучэньні зь ягонай жа прыхаванай эмацыйнасьцю.

Праўда, аўтар, канстатуючы неабходнасьць перагляду мэтаў апазыцыі, не дае адказу — якімі ж, на ягоны погляд, павінны быць гэтыя мэты ў новых умовах.

Тым больш, што і ў самой пастаноўцы гэтых пытаньняў іншым разам выкарыстоўваюцца не перканаўчыя аргумэнты. У прыватнасьці, тэзіс пра тое, што беларускае грамадзтва стала больш прагматычным і мэркантыльным, а моладзь яшчэ менш заклапочаная лёсам нацыянальнай незалежнасьці, чым старэйшае пакаленьне, выступаюць вынікі апытаньня, праведзенага сёлета ў сакавіку НІСЭПД. Варта памятаць, што аднаго сацыялягічнага дасьледаваньня абсалютна недастаткова. Нават у Расеі існуюць некалькі сацыялягічных службаў, параўноўваючы зьвесткі якіх, можна рабіць больш‑менш пэўныя высновы пра тэндэнцыі.

Але нават калі прыняць вынікі НІСЭПД, на якія спасылаецца ў сваім артыкуле Ян Максімюк (64% беларусаў лічаць, што паляпшэньне эканамічнай сытуацыі ў іхнай краіне зьяўляецца больш важным, чым захаваньне незалежнасьці; 24% маюць процілеглае меркаваньне), за абсалют, інтэрпрэтацыя гэтых вынікаў можа быць рознай. Напрыклад, 24% ‑‑ амаль чвэрць апытаных — гэта многа ці мала?

Любы чалавек, які цікавіцца сацыялёгіяй, скажа, што гэта надзвычай высокая лічба для чыста палітычнага пытаньня. У любым грамадзтве. Ва ўмовах жа Беларусі гэтая лічба ўвогуле выглядае фантастычнай!

Парадыгму разьвіцьця грамадства фармуюць зусім ня масы, але нефармальныя эліты — «думаючая меншасьць». (Наколькі я разумею, у артыкуле Яна Максімюка вядзецца гаворка менавіта пра неабходнасьць новай парадыгмы, а не пра нейкія тактычныя ці кан’юнктурныя зьмены ў дзейнасьці апазыцыі.)

Тыя дзьве траціны, якія лічаць прыярытэтам эканамічныя зьмены, зусім неабавязкова лічаць незалежнасьць менш важнай. Яны могуць проста надаваць больш увагі яе эканамічнаму складніку, а не, скажам, ідэалягічнаму.

Што тычыцца паляпшэньня эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, з чым не даводзіцца спрачацца, то, па‑першае, няма ніякіх гарантыяў, што гэтая тэндэнцыя захаваецца цягам бліжэйшых гадоў. Па‑другое, паляпшэньне ўзроўню жыцьця людзей ня ёсьць гарантыяй таго, што яны гатовыя ахвяраваць дзеля гэтага сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьцю і незалежнасьцю. Краіна Баскаў і Каталёнія не дэпрэсіўныя рэгіёны Гішпаніі. Тым ня менш, ня выключана, што ў недалёкай гістарычнай пэрспэктыве гэтыя, а магчыма і іншыя рэгіёны Пірэнейскай паўвыспы стануць незалежнымі дзяржавамі. Тут няма гаворкі пра тое, добра гэта ці дрэнна. Справа ў тэндэнцыі. І ў тым, што эўрапейская гісторыя яшчэ не завершылася.

Дапускаю, што працэнт адданых прыхільнікаў незалежнасьці і беларускай мовы сярод беларускай моладзі сёньня меншы, чым у грамадзтве ў цэлым. Моладзь становіцца ўсё больш прагматычнай і гатовая мірыцца з уладай у абмен на пэўныя «прывілеі». Але ці азначае гэта, што грамадзтва, а тым больш, улада можа ігнараваць гэтую частку, а замест дыялёгу прапаноўваць турмы і выключэньне са школаў ды інстытутаў? Чым меней людзей будзе заставацца ў шэрагах прыхільнікаў незалежнасьці і нацыянальнага адраджэньня, тым больш радыкальнымі і безкампраміснымі могуць быць іх дзеяньні. Прыклад ІРА ў Паўночнай Ірляндыі тутака паказальны.

Ці трэба беларускаму грамадзтву заганяць патрыятычную моладзь у падпольле, пазбаўляючы яе пэрспэктывы ўпісацца ў грамадзтва і пераводзячы прадстаўнікоў гэтай моладзі ў разрад герояў нацыі? Ці патрэбная беларускай дзяржаве грамадзянская вайна — хай сабе маленькая і пераможная? У такой вайне ня можа быць пераможцаў. Магчыма, шчыры дыялёг з моладзьзю пра будучыню нацыі патрэбны ня толькі апазыцыі? Можа быць, і ўлада павінна перагледзець мэты і пачаць гаварыць зь людзьмі на іншай мове?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?