Вядучая рэгі-каманда краіны Botanic project прэзэнтуе на Tuzin.fm песьню на музыку Боба Марлі і на словы Янкі Купалы «А хто там ідзе?».

Клім Малажавы і Андрэй Багамолаў. Фото: vk.com/botanic_project

Клім Малажавы і Андрэй Багамолаў. Фото: vk.com/botanic_project

«А хто там ідзе?» — фінальны нумар альбому «Сказка», які гурт толькі што прэзэнтаваў. Прэм’ера адбылася ў няпростыя для іх часы — адзін з заснавальнікаў і вакалістаў Клім Малажавы цяпер знаходзіцца ў турме ў чаканьні суда. «Мы сабралі волю ў кулак і дарабілі справу, якую пачалі разам, партыі Кліма давялося вышукваць у студыях у дэма-вэрсіях і рэстаўраваць», — кажа другі вакаліст каманды Андрэй Багамолаў.

Адна з разынак «Сказки» — беларускамоўны дэбют Botanic project. У ёй спалучылася музыка Боба Марлі і паэзія Янкі Купалы. «Гэта невыпадковасьць, за музычны ўзор мы ўзялі марлееўскую тэму «Exodus» — «Сыход», а за тэкст — клясічны верш «А хто там ідзе». Абодва аўтары кажуць пра тое ж самае, па-сутнасьці — пра пакуты прыгнечанага народу і пра несправядлівасьць, якая чыніцца, ды пра гатоўнасьць гэтаму супрацьстаяць. Нам здаецца, што гэтая ідэя актуальная для нашай краіны, як ніколі», — кажа Андрэй. Менавіта ён прапанаваў зрабіць гэты твор. Клім мусіў запісаць бэк-вакал, але не пасьпеў.

У запісе кампазыцыі акром Андрэя Багамолава (вакал), узялі ўдзел Аляксей Тарасевіч (бубны), Саша Геліх (бас), Аляксей Машчэньнікаў (гітара), Цімур Рэйзіс (клявішныя), Фёдар Малікін (флейта), Мікіта Кузьмін (пэркусія). Запісаў і зьвёў Саша Геліх (Gel Rec Studio), вакал запісаў Раман Андрыянаў (Alt R Studio).

Пачуць увесь альбом можна ў афіцыйнай суполцы Botanic project ці спампаваць з афіцыйнага сайту каманды. А пачуць гурт ужывую 24 лістапада ў менскім Beer&Wine і 12 лістапада ў маскоўскім клюбе «Сады Бабилона».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?