21 чэрвеня у менскім парку атракцыёнаў «Dreamland», што перакладаецца як «Краіна мары», 4 гадзіны гучала праз рэпрадуктары беларуская мова. У сьвяце бралі ўдзел больш за два дзясяткі беларускіх паэтаў і бардаў.
«Сьвята беларускай паэзіі» мела лёгкае адценьне сюру: пакуль са сцэны даносіліся досыць сур’ёзныя вершы, побач на атракцыёнах каталіся дзеткі, бадзяліся энтэртэйнеры ў касьцюмах а ля мэдуза Гаргона, прамоўтэры раздавалі дармовыя чыпсы… На пачатку ж мерапрыемства, якое адбывалася на Купальле, у рэпрадуктарах гучала калядная музыка.
Для дарослых уваход у парк каштаваў 2000 рублёў. Наведваньне сьвята не патрабавала дадатковай платы.
Прыкладна дваццаць чалавек, ня лічачы журналістаў, прабылі на сьвяце да самага заканчэньня, праседзеўшы пад сонцам 4 гадзіны.
Да самых адданых слухачоў далучаліся й наведвальнікі парку атракцыёнаў, яны прыходзілі й сыходзілі.
Некаторыя творцы надалі «Сьвяту беларускай паэзыі» лёгкую палітычную афарбоўку: «Толькі ў лазьні — свабода слова…», — чытаў са сцэны паэт Міхась Скобла. «Краіна, вартая любові… Дзяржава, вартая вайны…», — дэклямавала паэтка Ірына Хадарэнка.
У якасьці музычнага аздабленьня выкарыстоўваліся некаторыя кампазыцыі са складанкі «Песьні Свабоды».
Паводле дэцыбэлаў, найгучней выступіў Зьміцер Вішнёў. Бурлівыя аплядысмэнты выклікалі выступленьні бардаў Андрэя Касьцяня і Паўла Кузіча.
«У эўрапейскіх краінах паэтычныя пленэры ня рэдкасьць, — кажа Ірына Хадарэнка, арганізатарка сьвята. - Людзі прыходзяць, адпачываюць, і слухаюць вершы, слухаюць сьпевы».
На думку гледача Ягора, кепска,што сцэна была далёкая ад слухачоў. «Калі глядач сядзіць далёка ад выступоўцы, зьнікае кантакт», — наракае ён. І кажа, што цяпер і сам хоча заняцца арганізацыяй сьвятаў на адкрытым паветры.