Сямідзесяціпяцігадовая Галіна Чэчыкава з аграгарадка Мічурынская Гомельскага раёна ўсё лета і восень адбіваецца ад баброў. Два гады таму яны пасяліліся побач з сядзібай Чэчыкавых ў кар’еры, запоўненым вадою, і цяпер проста тэрарызуюць пэнсіянэраў.
Галіна Чэчыкава
«Зрэзалі ўжо дзясятак сьліў, вішняў і абрыкосаў, цяпер узяліся за яблыні, — з жалем апавядае Галіна Андрэеўна. — Стала абкручваць ствалы яблынь бляхаю, каб дарэшты ня спляжылі. Мой стары хадзіць ня можа, зламаў шыйку бядра, дык я адна ваюю з гэтым зубастым зьвяр’ём».
Пашкоджаныя сьлівы й абрыкосы
Жанчына ідзе вакол плоту і паказвае свежапагрызеныя прысады, перакладзіны плоту. Стружкі пад дрэвамі буйныя, быццам з-пад сталярскага шархэбэля ці долата.
«А паглядзіце, якія хады-норы парылі бабры на гародзе. Ужо баюся, што і пад хату ці хляўчук падкапаюцца. Альбо сама правалюся ў гэтую нару».
Кабета торкае ў нару кійком, на які абапіраецца, і не дастае дна.
«Гэта ж нейкае нашэсьце! Тут ужо ёсьць і патомства — маладыя бабраняты. Раніцай, як толькі прачнуся, хутчэй у вакно гляджу: ці не нарабілі новай шкоды? Яны ж і вербы грызуць па-за ўчасткам, дрэвы падаюць на плот, ломяць яго. Гэта проста дзіва, што вербы ня бухнуліся на лінію электраперадачы».
Чэчыкава тлумаць, што тэлефанавала эколягам, старшыні Красьненскага сельскага савету. Напісалі нават разам з суседзямі калектыўную скаргу ў сельскі савет — бабры пашкодзілі прысады і ў іншых гаспадароў.
«Прыяжджаў Буднікаў (Васіль Буднікаў — старшыня сельсавета. — рэд.) і ўвесну, і во цяпер увосень, інтэрв’ю тут журналістам даваў. Кажа, што камісія райвыканкаму павінна агледзець шкоду, якую бабры нанесьлі гаспадарцы. І толькі камісія вырашыць, што з гэтымі бабрамі рабіць, бо яны ж у Чырвоную кнігу занесены. Але пакуль тая камісія зьбярэцца, то ў мяне ніводнага дрэўца ў садзе не застанецца», — бядуе пэнсіянэрка.
«Думалі адлавіць зьвяркоў сваімі сіламі, — тлумачыць старшыня Красьненскага сельскага савету Васіль Буднікаў. — Высьветлілася, што гэткім чынам мы парушым прыродаахоўнае заканадаўства. Трэба дзейнічаць праз раённую камісію па вызначэньні памераў шкоды, якую ачольвае першы намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксей Жарнасекаў. Калі ёсьць лепшы варыянт, то прапануйце. Камісія будзе ў любым выпадку».
У Гомельскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету пацьверджваюць, што лёс баброў сапраўды залежыць ад рашэньня камісіі райвыканкаму.
«Я ж не душагуб які, — у сваю чаргу кажа Галіна Чэчыкава. — Няхай жывуць бабры. Злавіць іх, вывезьці ў якое прыдатнае балота ці на рачулку — і выпусьціць. А то ж жыцьця тут ад іх няма».
У пасёлак Мічурынская, што на паўночным ускрайку Гомеля, бабры, па ўсім відаць, прыплылі ў паводку па меліярацыйных каналах, забраўшыся ў ціхі кар’ер празь сьцёкавую трубу.