У Магілёўскім міжраённым аддзеле Следчага камітэта знаходзіцца крымінальная справа ў дачыненні да 36-гадовага магілёўца, які падазраецца ў атрыманні грашовых сродкаў шляхам вымагальніцтва, паведамляе прэс-служба СК.

Па дадзеных следства мужчына, даведаўшыся пра здраду жонкі, зарэгістраваўся пад выдуманым імем у сацыяльных сетках і вёў перапіску з яе меркаваным палюбоўнікам. У ходзе перапіскі ён паведаміў пацярпеламу, што ведае пра яго блізкія стасункі з замужняй жанчынай і пагражаў ўсё распавесці яе мужу, калі палюбоўнік не перадасць яму 500 даляраў ЗША.

Калі мужчына разлічыўся, падазраванаму здалося, што гэтага мала, і ён запатрабаваў яшчэ 500 даляраў. Рэгулярныя напамінкі мужчыны суправаджаліся пагрозамі абвяшчэння звестак, якія пацярпелы жадаў захаваць у таямніцы.

Магілёвец быў затрыманы супрацоўнікамі органаў унутраных спраў у момант атрымання чарговай сумы грошай.

Дзеянні падазраванага кваліфікаваныя следствам па ч.2 арт. 208 (вымагальніцтва) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0