Адразу некалькі чытачоў з розных рэгіёнаў Беларусі звярнуліся ў рэдакцыю «Народнай волі» з адным і тым жа пытаннем: ці праўда, што з 2017 года з пенсій пенсіянераў, якія працягваюць працаваць, будуць утрымліваць 40% пенсіі? Тыя, хто тэлефанаваў, сцвярджалі, што інфармацыю атрымалі, як кажуць, з першых вуснаў — з мясцовых органаў сацыяльнай абароны.
— Такія чуткі ходзяць, але ніякіх афіцыйных дакументаў у нас на ўзгадненні няма, — патлумачылі нам у аддзеле пенсіённага забеспячэння Камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. —Тэарэтычна ў нашай краіне ўсё можа быць. Прымуць такі нарматыўны дакумент, скажуць ім кіравацца — і будзем вылічваць. Указам жа паднялі пенсіённы ўзрост, указам павялічылі працягласць страхавога стажу. Такім жа чынам могуць унесці змены ў заканадаўства і па пенсіях працуючых пенсіянераў.
— А колькі сёння недаатрымліваюць тыя пенсіянеры, хто працягвае працаваць?
— Па-рознаму. У пенсіянераў з маленькай дапамогай, якія працягваюць працаваць, могуць наогул нічога не вылічваць. Пенсія выплачваецца ў поўным аб'ёме, калі ў працуючага пенсіянера індывідуальны каэфіцыент менш за 1,3. У каго звыш 1,3, сума выліку яшчэ залежыць і ад працоўнага стажу, і ад віду пенсіі. Але які гэта працэнт ад пенсіі, можна сказаць, калі разлічыць пенсію канкрэтнага пенсіянера.
Паводле некаторых дадзеных, сёння максімум, які могуць вылічваць з дапамогі працуючага пенсіянера, не перавышае 25 працэнтаў. З тых, у каго значны індывідуальны каэфіцыент і вялікі працоўны стаж, як правіла, утрымліваюць 18—20 працэнтаў. Напрыклад, у нашай чытачкі — пенсіянеркі Ніны Міхайлаўны індывідуальны каэфіцыент 2,7, а працоўны стаж 32 гады. Яе пенсія складае 377 рублёў 4 капейкі, але яна працягвае працаваць і атрымлівае дапамогу ў памеры 306 рублёў 81 капейка. То бок з яе пенсіі ўтрымліваюць 18%. Калі з новага года з пенсій пенсіянераў, якія працуюць, будуць утрымліваць 40% пенсіі, то дапамога Ніны Міхайлаўны «ўсохне» да 226 рублёў 22 капеек, і дзяржава сэканоміць на яе пенсіі 150 рублёў 82 капейкі. Ці будзе сэнс працягваць працаваць?
Можа, гэтага і дамагаюцца ўлады — яшчэ больш сэканоміць на пенсіях?
— Абсалютна рэальны сцэнарый, — лічыць экс-міністр працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Сасноў. — У краіне няма грошай, эканоміка не працуе, а праводзіць рэформы нашы кіраўнікі не хочуць з-за боязі страціць уладу. Яны шукаюць любыя варыянты ў чарговы раз абрабаваць насельніцтва. А народ дазваляе гэта рабіць. Таму дзіўна, што ходзяць чуткі пра 40%. Могуць жа ўвогуле перастаць плаціць пенсію працуючым пенсіянерам.