Украінскі бок пакуль ніяк не адрэагаваў на ноту пратэсту, якую беларускі МЗС уручыў часоваму паверанаму ў справах суседняй краіны пасля інцыдэнту з самалётам «Белавія» 21 кастрычніка.

Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытанне аб тым, ці была рэакцыя ўкраінскага боку на беларускую ноту пратэсту, заявіў:

— У нас ёсць расшыфроўка перамоваў экіпажа самалёта «Белавія», які ляцеў рэйсам Кіеў — Мінск 21 кастрычніка, з украінскім дыспетчарам. У гэтым дакуменце ўтрымліваюцца выразныя заявы пра пагрозу прымянення баявой авіяцыі ў выпадку, калі самалёт не развернецца і не прыбудзе назад у Кіеў. З гэтай размовы абсалютна зразумела, што дадзеныя словы — гэта не ініцыятыва дыспетчара. Пазначана пэўнае ведамства, якое аддавала адпаведную каманду.

Па словах Дзмітрыя Мірончыка, «выклікае пэўнае здзіўленне пазіцыя ўкраінскага боку, украінскіх партнёраў, у дачыненні да якіх Беларусь заўсёды трымалася добрасуседскай сяброўскай лініі».

— Украінскі бок меў магчымасць дамагчыся сваіх мэтаў, не звяртаючыся да прымусовых дзеянняў у дачыненні да паветранага судна, а выкарыстоўваючы двухбаковыя механізмы па лініі сілавых структур. На жаль, на згаданую сітуацыю рэакцыя ўкраінскага боку абсалютна адсутнічае.

Калі рэакцыі не будзе і далей, заявіў прэс-сакратар МЗС, беларускі бок будзе вымушаны прыняць дадатковыя крокі:

— Аж да апублікавання расшыфроўкі перамоваў членаў экіпажа з украінскім дыспетчарам. Але час яшчэ ёсць, пачакаем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?