Суд Добрушскага раёна разгледзеў на закрытым пасяджэнні крымінальную справу па абвінавачанні мясцовага жыхара 1966 года нараджэння.

Як паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суда, суд прызнаў жыхара райцэнтра вінаватым у іншых дзеяннях сэксуальнага характару, учыненых насуперак волі пацярпелай, з прымяненнем гвалту, з выкарыстаннем бездапаможнага стану пацярпелай, паўторна, асобай, якая раней учыніла згвалтаванне, здзейсненых у дачыненні да заведама малалетняй, і у замаху на палавыя зносіны насуперак волі пацярпелай, з прымяненнем гвалту, з выкарыстаннем бездапаможнага стану пацярпелай (згвалтаванні) заведама малалетняй.

Канчаткова жыхару Добруша прызначаныя 15 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Прысуд не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Нагадаем, пацярпелымі па крымінальнай справе былі прызнаныя дзве малалетнія дзяўчынкі. Гвалт адбываўся ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, выхаванкамі якога былі пацярпелыя, дзе акрамя іх было яшчэ шасцёра дзяцей.

Гвалтаўнік — муж выхавальніцы дзіцячага дома. Раней ён таксама быў выхавальнікам, але потым пайшоў працаваць у іншую сферу. Муж і жонка, якія выгадавалі двух біялагічных дзяцей, выйгралі права стаць выхавальнікамі праз раённы конкурс. У дзяржаўных органаў, якія адказваюць за захаванне правоў дзяцей, не было прэтэнзій да бацькоў-выхавальнікаў. Сям'я выйгравала на розных конкурсах прызавыя месцы.

Раней грамадскі рэзананс атрымала падобная гісторыя ў Светлагорску. Галава сям'і (таксама дзіцячы дом сямейнага тыпу), у якой выхоўваліся 13 дзяцей, за гвалтоўныя сэксуальныя дзеянні ў дачыненні да непаўналетніх выхаванак быў асуджаны на 15 гадоў калоніі, а яго родны сын, на той момант 17-гадовы, за згвалтаванні атрымаў 9 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0