У 1999 годзе ў ЗША выйшаў у пракат фільм «Разумны дом». Паводле сюжэту стужкі, адна сям’я атрымала ва ўласнасць камп’ютарызаваны дом будучыні, ролю гаспадыні ў якім выконвае пакаёўка-андроід Пэт. Фільм з неймаверным на той момант сюжэтам быў зняты ў жанры «навуковая фантастыка». Але тое, што яшчэ ў канцы ХХ стагоддзя ўспрымалася як фантастыка, ужо цяпер з’яўляецца рэальнасцю!

«Разумныя» дамы пачалі з’яўляцца паўсюль у свеце, у тым ліку і ў Беларусі. З атрыбута раскошы яны паступова пераўтвараюцца ў інструмент эканоміі і камфорту, даступны амаль кожнаму ўладальніку прыватнага дома. Якія функцыі маюць сучасныя «разумныя» дамы? Колькі яны каштуюць і як дазваляюць ашчадзіць? Ці спяшаюцца беларусы з усталёўкай інтэлектуальных сістэм кіравання домам? У гэтых і некаторых іншых пытаннях «Наша Ніва» паспрабавала разабрацца.

Як выглядаюць «разумныя» дамы? Чым «разумны» дом вонкава адрозніваецца ад звычайнага?

Вонкава — нічым не адрозніваецца! Дом робіцца «разумным» дзякуючы кантролеру (кіруючай прыладзе), датчыкам (прыладам, якія атрымліваюць інфармацыю пра знешнія ўмовы) і актуатарам (прыладам, якія выконваюць каманды, напрыклад: клімат-кантролеры, клапаны для труб і г.д.). Усе гэтыя прыстасаванні маюць малыя памеры, што робіць іх нябачнымі для назіральнікаў.

Раней, калі падобныя сістэмы «разумных» дамоў пачалі толькі з’яўляцца, людзі ставілі іх, хутчэй, у іміджавых мэтах, чым для эканоміі і камфорту. Таму ўсе прылады выстаўлялася напаказ: датчыкі не хаваліся, а інтэрфейсы кіравання домам змяшчаліся проста на сценах. Цяпер, калі гаспадары дамоў больш дбаюць пра камфорт, чым пра «панты», прыстасаванні робяцца больш зручнымі і нябачнымі, а самой сістэмай можна кіраваць праз web-інтэрфейс альбо праз дадатак на смартфоне ці планшэце.

Якія ёсць магчымасці ў «разумнага» дома?

На сёння існуе шмат распрацаваных тэхналогій і стандартаў, якія дазваляюць зрабіць ваш дом «разумным». Самыя папулярныя ў Еўропе — Z-Wave і ZigBee. З першым пратаколам у Беларусі найбольш шчыльна працуе кампанія «Інтэлектуальныя рашэнні», а з другім — «Белтэлекам». І пад кожны стандарт вырабляецца вялікая колькасць прылад з незлічонай колькасцю функцый, асноўнымі з якіх з’яўляюцца: кіраванне кліматам, асвятленнем, хатнімі электрапрыборамі, абарона ад непажаданага пранікнення ў дом, працякання, пажараў, а таксама эканомія энергарэсурсаў.

У сваю чаргу, у кожнай з гэтых катэгорыі ёсць вялікая колькасць самых разнастайных падфункцый, абмежаваная толькі фантазіяй гаспадароў. Напрыклад, у «кіраванне асвятленнем» уваходзіць кіраванне шторамі і жалюзі, рэгуляванне яркасці асвятлення ў залежнасці ад надвор’я і часу сутак, аўтаматычнае пераключэнне святла ў адказ на рухі і шматлікія іншыя функцыі.

На аснове розных функцый можна распрацаваць індывідуальныя сцэнары, якія будуць спрацоўваць пры пэўных абставінах. Добра абсталяваны «разумны» дом становіцца вельмі гнуткім у руках гаспадара.

Як кіраваць «разумным» домам?

Кіраваць «разумным» домам можна пры дапамозе кантролера і вэб-інтэрфейсу (альбо праз мабільны дадатак). Інтэрфейс змяшчае ўсе функцыі вашых прылад. Праз яго можна кіраваць вашай сістэмай, праглядаць усю актуальную статыстыку тэмпературы і спажытай электраэнергіі, а таксама колькасць спажывання ў грашовым эквіваленце, што дазваляе аналізаваць эфектыўнасць выкарыстання сістэмы і значна эканоміць.

Колькі гэта каштуе? І за які час гэтая тэхналогія акупляецца?

Гэта тое пытанне, на якое нельга адказаць адназначна. Гаспадар сам вырашае, для чаго яму рабіць свой дом «разумным», якую колькасць прылад выкарыстоўваць і ў якой канфігурацыі, таму і падыход тут выключна індывідуальны.

Самае простае і бюджэтнае рашэнне на сёння прапануе «Белтэлекам». За ўсталёўку кантролера, датчыкаў адкрыцця дзвярэй, дыму і руху дзяржаўны манапаліст просіць 6,90 рублёў. Штомесячны кошт абслугоўвання і арэнды абсталявання складае каля 8 рублёў для базавага набору. Пры жаданні можна дадаткова паставіць яшчэ некалькі датчыкаў альбо відэакамеру.

Гэта самая танная прапанова, але і набор паслуг вельмі абмежаваны. «Белтэлекамаўскага» «разумнага дома», можа быць, і дастаткова для маленькай гарадской кватэры, але ўладальнікам сярэдніх і вялікіх прыватных дамоў варта падумаць над іншымі прапановамі.

Для вялікіх катэджаў кошт сістэмы можа пачынацца ад некалькіх тысяч рублёў. Але такія сістэмы будуць прапаноўваць куды больш шырокі набор паслуг, камфорту, а ў перспектыве і дазволяць ашчадзіць. Прадстаўнікі кампаніі, якія займаюцца тэхналогіяй, адзначалі, што пры правільных наладах кошт сістэмы клімат-кантролю можа адбіцца за два сезоны. Такім чынам, ужо пачынаючы з трэцяга сезона можна пачаць «разумна» эканоміць на энергарэсурсах. Напрыклад, можна паніжаць тэмпературу ў доме да 15 градусаў, калі там нікога няма, і падвышаць у пэўныя гадзіны. Гэта самае простае, але нават такія рэчы дазваляюць значна эканоміць на ацяпленні ў вялікіх дамах.

Яшчэ б хутчэй «разумныя» дамы акупляліся, калі б у Беларусі дзейнічалі рынкавыя і гнуткія тарыфы на энергію (са 100%-й аплатай насельніцтвам). Гэта было б дадатковым стымулам для беларусаў усталёўваць такія сістэмы і ашчаджаць.

Але развіццё падобных інтэлектуальных тэхналогій у Беларусі затрымліваецца праз нежаданне ўлады нешта рабіць у сферы энергаэфектыўнасці, каб не губляць уласную манаполію ў энергетыцы, а таксама праз працяглы эканамічны крызіс.

А што ў свеце?

У Заходняй Еўропе падобныя тэхналогіі з’явіліся на некалькі гадоў раней. Лідарамі ў распрацоўках такіх сістэм з’яўляюцца Германія і Швейцарыя. Галоўныя стымулы для ўсталёўкі падобных сістэм у Еўропе — у першую чаргу эканомія энергіі і толькі потым камфорт. У адрозненне ад Беларусі, дзе падыход да «разумных» дамоў індывідуальны, у Еўропе ўлады імкнуцца дасягнуць максімальнай уніфікацыі і ўкараняюць падобныя тэхналогіі ў самых звычайных стандартных дамах.

Падобныя сістэмы з’явіліся ў ЗША крыху пазней, але цяпер па асартыменце розных прылад для «разумнага» дома Паўночная Амерыка значна апярэджвае Еўропу.

Аналітыкі мяркуюць, што да 2020 года аб’ем рынку дасягне $52 мільярды, вырастаючы штогод прыкладна на 18%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?