За дату заснавання горада Стоўбцы можна прыняць 20 чэрвеня 1593 года. Такая рэкамендацыя ўладам Стаўбцоўскага раёна ўтрымліваецца сярод іншых пунктаў у рэзалюцыі навукова-практычнай канферэнцыі «Стаўбцоўшчына — гісторыка-культурная спадчына Наднёманскага рэгіёна».

Гістарычны экскурс у мінулае горада зрабіў дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдат гістарычных навук Андрэй Латушкін. На падставе вывучаных матэрыялаў фонду роду Слушак, якія захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (Польшча), ён прыйшоў да высновы, што першапачаткова Стоўбцы называліся па-іншаму.

«У канцы 16-га стагоддзя Стоўбцы мелі зусім іншую назву, — адзначыў гісторык на канферэнцыі. — У прывілеі польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ, дадзенага ўдаве крычаўскага старасты Гальшцы Кміцянцы 20 чэрвеня 1593 года на правядзенне таргоў і кірмашоў, дадзены населены пункт згадваецца як «новаўсажанае (заснаванае нядаўна) мястэчка Свержанскае над Нёмнам, якое ў павеце Мінскім ляжыць». Аднак гэтая назва праіснавала адносна нядоўга. Справа ў тым, што на другім беразе ракі Нёман ўжо размяшчалася мястэчка пад назвай Свержні, якое належала князям Радзівілам — гэта сённяшняя вёска Новы Свержань. Была яўная блытаніна, і, каб яе пазбегнуць у дакументазвароце, Слушкі, відаць, перайменавалі заснаванае імі ў сваіх уладаннях мястэчка. У прыватнасці, у адной з судовых спраў памiж Слушкамі і Радзівіламі, датаванай 1632 годам, тое ж самае мястэчка, размешчанае на правым беразе Нёмана, ужо згадваецца пад назвай Стоўбцы (у арыгінале — Стоўпцы).

На думку гісторыка, за час заснавання Стоўбцаў трэба браць менавіта дату 20 чэрвеня 1593 года, калі будучаму гораду быў выдадзены прывілей на правядзенне таргоў і кірмашоў, нягледзячы на тое, што дадзены населены пункт згадваецца як «новаўсажанае мястэчка Свержанскае.

Прапанова Андрэя Латушкіна носіць рэкамендацыйны характар. Між тым агульнапрыняты сёння год першай згадкі Стоўбцаў 1511-ы аспрэчваецца гісторыкамі.

Навукова-практычная канферэнцыя «Стаўбцоўшчына — гісторыка-культурная спадчына Наднёманскага рэгіёна» прайшла ў Стоўбцах ў ходзе выканання палажэнняў Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016-2020 гады «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства». Яе арганізатарамі выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Стаўбцоўскі раённы выканаўчы камітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?