Таварыства беларускай мовы просіць Шклоўскі райвыканкам паспрыяць ўвекавечанню памяці пісьменніка Міхася Зарэцкага. Да старшыні раённай улады Аляксандра Бойкі звярнуўся кіраўнік Таварыства Алег Трусаў.

20 лістапада — 115 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Касянкова, больш вядомага пад псеўданімам Зарэцкі. На думку актывістаў ТБМ, гэтая дата павінна стаць падставай, каб у тапаніміцы Шклова з'явілася імя пісьменніка.

«Менавіта ў Шклоўскім Зарэчча прайшло дзяцінства будучага пісьменніка і непасрэдна тут нарадзіўся пісьменнікаў псеўданім. На галоўнай вуліцы вёскі некалі знаходзілася царква Святой Тройцы, дзе псаломшчыкам быў яго бацька Яўхім Ануфрыевіч, які адыграў вялікую ролю ў фарміраванні эстэтычных густаў пісьменніка», — цытуе «Свабода» ліст Алега Трусава.

Прапануецца таксама імя пісьменніка надаць адной з бібліятэк, якая размяшчаецца на вуліцы Малая Зарэчная.

У 2013 годзе, калі да райцэнтра далучылі вёску Зарэчча, мясцовыя ТБМаўцы ўжо прапаноўвалі чыноўнікам назваць адну з вуліц у паселішчы імем Зарэцкага. Гэтая ініцыятыва не знайшла падтрымкі.

«Вельмі хочацца спадзявацца, што Шклоўскі райвыканкам у «Год культуры» ўсё ж такі неяк адгукнецца на прапановы» Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны «і імя славутага беларускага пісьменніка з'явіцца ў тапаніміцы Шклова», — адзначаюць у лісце.

Лёс аўтара раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1928) і «Вязьмо» (1932) склаўся трагічна. У 1936 годзе яго арыштавалі. Абвінавацілі ва ўдзеле ў «нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі». У 1937-м асудзілі да расстрэлу. У ГУЛАГ была сасланая і жонка пісьменніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0