Улада засакрэціла суму выдаткаў на пошук «дармаедаў». Як паведаміла прэс-служба кампаніі «Гавары праўду», гэта вынікае з ліста намесніка міністра па падатках і зборах Уладзіміра Муквіча на запыт, адпраўлены кампаніяй 2 кастрычніка.

У лісце актывісты прасілі адказаць на пытанні, у што абыходзіцца збор падатку на дармаедства і ці праўда, што гэтая працэдура каштуе падаткаплацельшчыкам даражэй, чым атрыманыя ад «сацыяльных утрыманцаў» сумы.

У адказе лідару кампаніі Андрэю Дзмітрыеву чыноўнік не назваў гэтыя лічбы на той падставе, што яны «не падлягаюць выдаванню ў рамках артыкула 16 закона Рэспублікі Беларусь ад 10.11.2008 «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».

«На наш погляд, гэта з'яўляецца ўскосным пацвярджэннем таго, што гэты падатак з'яўляецца на справе марнатраўствам, прыкладам неапраўданых выдаткаў бюджэту, а не сродкам яго напаўнення», — адзначаюць у кампаніі.

Кампанія «Гавары праўду» перакананая, што запатрабаваная інфармацыя, у якой зацікаўлена беларускае грамадства, на справе не падпадае пад закон «Аб дзяржаўнай тайне» і павінна быць прадастаўлена грамадзянам для аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі, якая склалася.

«З улікам складаных эканамічных рэалій, масавых скарачэнняў на дзяржаўных прадпрыемствах лічым гэты падатак несправядлівым. Замест сацыяльнай абароны з грамадзян выціскаюць апошняе. Урад не можа забяспечыць народ працай і прымушае яго плаціць за гэта», — лічаць актывісты.

Яны заклікаюць «адмяніць абразлівы з пункта погляду маральнасці і эканамічна неэфектыўны падатак на дармаедаў», «распрацаваць заканадаўчую базу па ўвядзенні адзінага збору для самазанятых (фрылансераў), забяспечыць сацыяльную абарону асобам, якія страцілі працу, стварыць умовы для развіцця профпераарыентацыі і развіцця малога і сярэдняга бізнесу на месцах».

«Мы звернемся ў парламент з просьбай зрабіць дэпутацкі запыт і паказаць, ці апраўданы гэты збор. Упэўнены, засакрэчаная лічба стане яшчэ адным аргументам на карысць адмены несправядлівага пабору. Яшчэ раз заклікаем урад перайсці ад рэпрэсіўнай тактыкі ў дачыненні да людзей да стварэння ўмоў для развіцця дзелавой, эканамічнай ініцыятывы на ўсіх узроўнях. Прыйшоў час рэформаў», — лічыць Дзмітрыеў.

Як паведаміла 26 кастрычніка намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка, МПЗ накіравала каля 50 тыс. паведамленняў на выплату збору грамадзянам, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.

Дэкрэт прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 года абавязвае асоб (грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны), што не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у памеры 20 базавых велічынь (420 дэнамінаваных рублёў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?