Мінчук Ігар Цельпухоўскі аштрафаваны на 10 базавых велічынь за несанкцыянаваны пікет на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Такое рашэнне 31 кастрычніка вынесла суддзя суда Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль.

15 і 16 верасня Цельпухоўскі прыходзіў да Дома ўрада з шыльдачкай «Дапамажыце. Help», бо да гэтага беспаспяхова спрабаваў трапіць на прыём да генеральнага пракурора. У выніку ў дачыненні да мінчука быў складзены пратакол на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

На першым судовым пасяджэнні 28 верасня Цельпухоўскі заявіў, што лічыць сябе невінаватым у гэтым правапарушэнні, і растлумачыў свой учынак тым, што быў даведзены да адчаю ігнараваннем уладамі яго праблем.

Мужчына не адмаўляе, што знаходзіўся на плошчы ў гэтыя дні, але не лічыць гэта пікетаваннем, бо, паводле яго слоў, усяго толькі прасіў дапамогі «ў тых, хто працуе ў Доме ўрада». Цельпухоўскі падкрэсліў, што не парушаў грамадскі парадак і правы іншых грамадзян, на плошчы не стаяў, а сядзеў на краі клумбы, не выкрыкваў лозунгаў, а шыльда ляжала побач і ён не трымаў яе ў руках.

На яго думку, пратакол быў складзены неправамерна, і ў канцы верасня ён выклаў гэтую пазіцыю ў скаргах ў МУС і Генпракуратуру, але адказаў да гэтага часу не атрымаў.

Ігар Цельпухоўскі — інвалід другой групы, беспрацоўны. Яго жонка таксама нідзе не працуе і знаходзіцца на ўліку ў службе занятасці. У іх двое дзяцей.

З судовым рашэннем мужчына не згодны і мае намер звярнуцца да прэзідэнта.

У Генпракуратуры, куды Цельпухоўскі спрабаваў трапіць для рашэння шэрагу сваіх праблем, яму была прызначаная сустрэча з намеснікам генеральнага пракурора Аляксандрам Лашыным. Аднак на ўваходзе ў будынак ён адмовіўся здаць свой мабільны тэлефон, бо меў намер здымаць сустрэчу на відэа. У выніку ў сустрэчы яму было адмоўлена.

У 2011 годзе Цельпухоўскі патрабаваў распачынання крымінальнай справы за нядбайнасць у дачыненні да прадстаўнікоў дарожнай службы, пасля таго як яго сын зваліўся ў вялікую яму на веладарожцы. Акрамя таго, у 2014 годзе, паводле слоў Цельпухоўскага, у апорным пункце міліцыі яго збіў маёр, з якім у яго былі напружаныя адносіны. Ён таксама лічыць, што праваахоўныя органы зацягваюць разгляд у дачыненні да грамадзяніна, якому Цельпухоўскі ў 2014 годзе прадаў аўтаклаў, але які, паводле яго слоў, на год зацягнуў афармленне неабходных дакументаў і ў выніку ўказаў у дагаворы суму, адрозную ад першапачатковай дамоўленасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?