Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні праект закона «Аб сродках масавай інфармацыі». «За» выказаліся 96 парламентароў, «супраць» — 2.

Як заявіў старшыня Камісіі па правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і СМІ Юрый Кулакоўскі, у новым варыянце законапраекта ўлічаныя прапановы рэдакцый газет «СБ. Беларусь сегодня» («Советская Белоруссия») і «Экономическая газета», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і Бюро прадстаўніка па свабодзе СМІ АБСЕ. Сп. Кулакоўскі пералічыў некаторыя дапаўненні ў законапраект, унесеныя да другога чытання.

У прыватнасці, ён заявіў пра ўлічаную прапанову ГА «БАЖ» адносна працы карэспандэнцкіх пунктаў: у прынятай рэдакцыі карэспандэнцкі пункт — гэта адасобленае падраздзяленне юрыдычнай асобы, а не прадстаўніцтва, як было ў першым варыянце дакумента, — перадае Радыё «Свабода».

Пэўныя папраўкі былі ўнесеныя ў палажэнні аб перарэгістрацыі СМІ. У папярэднім варыянце законапраекта пры змене юрыдычнага адрасу СМІ абавязкова павінна было праходзіць перарэгістрацыю. Цяпер дастаткова будзе паведаміць змену адрасу рэгіструючаму органу.

На прапанову БАЖ вызначаны тэрмін вырашэння канфліктаў паміж СМІ і ўладай — не пазней як праз 3 месяцы ад дня яе ўзнікнення. Раней гэты тэрмін не вызначаўся зусім.

Па прапанове Бюро АБСЕ ў новым варыянце законапраекта гаворыцца, што СМІ не нясе адказнасці за інфармацыю, якая выходзіць у эфір без папярэдняга запісу, — паведаміла «Свабода».

«Интерфакс‑Запад» звярнуў увагу на некаторыя іншыя новаўвядзенні, пералічаныя Ю. Кулакоўскім. Паводле законапраекта, у краіне павінна быць створана каардынацыйная рада з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, СМІ. Палажэнне пра раду і парадак яе працы будзе вызначаць не Міністэрства інфармацыі, як тое вынікала з першага варыянту законапраекту, а Савет міністраў.

У другім чытанні з дакумента выключана патрабаванне аб недапушчэнні скажэння агульнапрынятых норм мовы, «таму што няма такіх норм», — паведаміў Ю. Кулакоўскі. Замест гэтага ўнесена патрабаванне аб недапушчэнні выкарыстання нецэнзурных слоў і выразаў.

Юрый Кулакоўскі запэўніў, што «праект закона рэгулюе толькі дзейнасць інтэрнет‑аналагаў СМІ». «Яны павінныя адпавядаць сваім друкаваным версіям, за тым выключэннем, што ім не трэба праходзіць перарэгістрацыю».

На пытанне журналістаў пра тое, як дамагчыся поўнай адпаведнасці паміж друкаванымі СМІ і іх інтернет‑версіямі альбо інтернет‑версіямі тэлеэфіраў, дэпутат не змог адказаць.

Між тым, па інфармацыі прэсавай службы ГА «БАЖ», спецыялісты Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта, якім дэпутаты вырашылі накіраваць законапраект на экспертызу 20 чэрвеня, не зрабілі па ім ніводнай заўвагі і не знайшлі ніякіх недакладнасцяў у яго тэксце. Пра гэта прэс‑службе БАЖ паведаміў начальнік упраўлення канстытуцыйнага заканадаўства цэнтру Ігар Галубіцкі.

Паводле слоў Ігара Галубіцкага, тэрміновая экспертыза законапраекта — вымушаная неабходнасць. «Гэта здараецца ў выпадках, калі Савет Міністраў выносіць на разгляд закон і ён жа рэкамендуе тэрмін для яго экспертызы. Тут, як вы разумееце, ніякія агульныя тэрміны — ў два тыдні ці нават месяц — не працуюць», — патлумачыў Ігар Галубіцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?