Свет2222

Расійскі палітвязень расказаў пра дзікія катаванні ў калоніі

7 снежня 2015 года Басманны суд Масквы прысудзіў да трох гадоў агульнага рэжыму апазіцыйнага актывіста Ільдара Дадзіна — за «неаднаразовае парушэнне правіл правядзення публічнага мерапрыемства». У 2014 годзе Дадзіна чатыры разы затрымлівалі і прыгаворвалі да штрафу за ўдзел у няўзгодненых з уладамі акцыях. Гэта першы ў Расіі прысуд па новым артыкуле ў Крымінальным кодэксе.

Ільдар Дадзін. Фота: Васіль Пятроў / Facebook

«Медуза» публікуе ліст Ільдар Дадзіна жонцы Анастасіі Зотавай, у якім ён паведамляе пра катаванні ў сегежскай калоніі ВК-7, арганізаваныя начальствам. ФСВП пацвердзіла прымяненне сілы да зняволенага. Дадзін — першы з асуджаных па артыкуле «неаднаразовае парушэнне ўсталяванага парадку арганізацыі альбо правядзенні збору, мітынгу» (212.1 КК). Да крымінальнай адказнасці яго прыцягнулі за затрыманні на адзіночных пікетах.

Ліст запісаны 31 кастрычніка 2016 года адвакатам Аляксеем Ліпцэрам са слоў Дадзіна.

«Насця! Калі вырашыш апублікаваць інфармацыю аб тым, што адбываецца са мной, то паспрабуй распаўсюдзіць яе як мага больш шырока. Гэта павялічыць шанцы на тое, што я застануся жывы. Ведай, што ў калоніі ВК-7 дзейнічае цэлая мафія, у якой удзельнічае ўся адміністрацыя ўстановы: начальнік калоніі — маёр унутранай службы Косіеў Сяргей Леанідавіч і абсалютная большасць супрацоўнікаў калоніі, уключаючы лекараў.

З самага прыбыцця ў калонію 10 верасня 2016 года ў мяне адразу адабралі практычна ўсе рэчы і падкінулі два ляза, а затым пры ператрусе «знайшлі» іх. Тут гэта паўсюдная практыка — ужываецца для таго, каб абавязкова пасадзіць ізноў прыбылых у ШІЗА, каб яны адразу зразумелі, у якое пекла трапілі. У штрафны ізалятар мяне адправілі без усялякіх пастаноў, але пры гэтым адабралі ўсе рэчы, уключаючы мыла, зубную шчотку, зубную пасту і нават туалетную паперу. У адказ на гэтыя незаконныя дзеянні я абвясціў галадоўку.

11 верасня 2016 года да мяне прыйшоў начальнік калоніі Косіеў з трыма супрацоўнікамі. Яны разам пачалі мяне збіваць. Усяго збівалі за гэты дзень чатыры разы, па 10-12 чалавек адначасова, білі нагамі. Пасля трэцяга збіцця апусцілі галаву ва ўнітаз проста ў камеры ШІЗА.

12 верасня 2016 года прыйшлі супрацоўнікі, скавалі мне рукі за спінай і падвесілі за кайданкі. Такое падвешванне прычыняе страшны боль у запясцях, акрамя таго, выкручваюцца локцевыя суставы, і адчуваеш дзікі боль у спіне. Так я вісеў паўгадзіны. Потым знялі з мяне трусы і сказалі, што зараз прывядуць іншага вязня і ён мяне згвалціць, калі я не пагаджуся спыніць галадоўку. Пасля гэтага — прывялі да Косіева ў яго кабінет, дзе ён у прысутнасці іншых супрацоўнікаў сказаў: «Цябе яшчэ мала білі. Калі я аддам распараджэнне супрацоўнікам, цябе будуць збіваць значна мацней. Паспрабуеш паскардзіцца — цябе заб'юць і закапаюць за плотам». Потым збівалі рэгулярна, па некалькі разоў на дзень. Пастаянныя збіцці, здзекі, знявагі, абразы, невыносныя ўмовы ўтрымання — усё гэта адбываецца і з іншымі вязнямі.

Усе далейшыя спагнанні і выправаджэнні ў ШІЗА былі сфабрыкаваныя і заснаваныя на адкрытай хлусні. Усе відэазапісы, на якіх мне аб'яўлялі спагнанні, — пастановачныя: перад тым як іх здымаць, мне казалі, як сябе паводзіць і што рабіць — не спрачацца, не пярэчыць, глядзець у падлогу. Інакш казалі, што заб'юць і ніхто пра гэта не даведаецца, таму што ніхто нават не ў курсе, дзе я знаходжуся. Я не магу адпраўляць лісты, абмінаючы адміністрацыю, а адміністрацыя абяцала мяне забіць у выпадку, калі я буду пісаць скаргі. Насця, у маім першым лісце з ВК-7 я пісаў табе пра ЕСПЧ, каб абысці цэнзуру і даць хоць найменшы намёк аб тым, што ў мяне не ўсё ў парадку і мне патрабуецца дапамога (ні адзін з лістоў Ільдара з калоніі мне не прыйшоў — заўв. Анастасіі Зотавай).

Я прашу цябе апублікаваць гэты ліст, бо ў гэтай калоніі сапраўдная інфармацыйная блакада — і я не бачу іншых магчымасцяў яе прарваць. Я не прашу мяне адсюль выцягваць і пераводзіць у іншую калонію: я неаднаразова бачыў і чуў, як збіваюць іншых асуджаных, таму сумленне не дазволіць мне адсюль бегчы — я збіраюся змагацца, каб дапамагчы астатнім. Я не баюся смерці і больш за ўсё баюся не вытрымаць катаванняў і здацца.

Калі ў Расіі яшчэ не знішчаны «Камітэт супраць катаванняў», я прашу іх дапамагчы ў забеспячэннi права на жыццё і бяспеку для мяне і іншых зняволеных. Я прашу абвесціць інфармацыю пра тое, што маёр Косіеў наўпрост пагражае забойствам за спробы скардзіцца на тое, што адбываецца. Я буду рады, калі ты знойдзеш адваката, які зможа пастаянна знаходзіцца ў Сегежы і аказваць юрыдычную падтрымку.

Час гуляе супраць мяне. Відэазапісы з камер назірання даказалі б і катаванні, і збіцці, але на тое, што яны захаваліся, застаецца ўсё менш і менш шанцаў. Калі мяне зараз зноў будуць катаваць, збіваць і гвалціць, я наўрад ці пратрымаюся больш за тыдзень. У выпадку маёй раптоўнай хуткай смерці табе могуць сказаць, што прычынай таму стала самагубства, няшчасны выпадак, стрэл пры спробе ўцёкаў або бойка з іншым зняволеным, але гэта будзе хлуснёй, гэта будзе спланаванае адміністрацыяй забойства з мэтай прыбраць сведку і ахвяру катаванняў.

Кахаю цябе і спадзяюся калі-небудзь убачыць. Твой Ільдар»

Каментары22

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою1

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Усе навіны →
Усе навіны

Сенсацыйнае адкрыццё: звычайны сіроп ад кашлю абараняе ад дэменцыі

З-за непагадзі Мінск перажывае вялікія транспартныя складанасці

Марка Рубіа выказаў расчараванне пасля сустрэчы з Лаўровым1

Кавалеўскі патлумачыў, за які дыялог паміж грамадствам і ўладамі ён выступае13

Дуда прасвяціў Зяленскага адносна Валынскай трагедыі. Той пра яе не ведаў18

Вось як выглядае павалены бурай лес пад Магілёвам з вышыні птушынага палёту ФОТАФАКТ1

У Мінску і ваколіцах град з паўяйка і вялікі патоп ВІДЭА2

Ксенія Луцкіна: «Усё мы рабілі правільна, калі дагэтуль Лукашэнка і прапагандысты бясконца ўспамінаюць»5

Незвычайная кашуля Лукашэнкі — выраб беларускага легпрама ФОТА24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою1

Стала вядома, па якім механізме спісваліся грошы з банкаўскіх картак беларусаў падчас маштабнага збою

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць