Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні акцыі ў памяць ахвяр савецкіх рэпрэсій 7 лістапада, паведаміў адзін з заяўнікаў мерапрыемства старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Заяўка на акцыю, падпісаная Губарэвічам, старшынёй Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталем Рымашэўскім, была пададзеная ў Мінгарвыканкам 21 кастрычніка.

Палітыкі прасілі сталічныя ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі а 12-й гадзіне каля будынка КДБ, шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Чалюскінцаў — месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ініцыятары мерапрыемства падкрэсліваюць, што гэта дзень памяці і смутку і задача дэмакратычных сіл — зрабіць так, каб «новае пакаленне беларусаў разумела, да чаго прывялі падзеі 7 лістапада 1917 года».

Як паведаміў Губарэвіч, мінскія ўлады адмовілі ў правядзенні акцыі па трох прычынах. Па-першае, два іншыя заяўнікі мерапрыемства Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі не могуць быць арганізатарамі вулічных акцый, бо на працягу года два ці больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях або за арганізацыю іх.

Па-другое, ініцыятары акцыі да яе дазволу абнародавалі час і фармат правядзення мерапрыемства. І па-трэцяе, на думку выканкама, месца збору ўдзельнікаў акцыі і яе маршрут не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Губарэвіч падкрэсліў, што акцыя адбудзецца ў любым выпадку, нават нягледзячы на афіцыйную адмову ў яе правядзенні. Паводле яго слоў, збор удзельнікаў акцыі прызначаны на 12 гадзін 7 лістапада насупраць будынка КДБ. Больш падрабязны фармат мерапрыемства будзе абнародаваны 2 лістапада пасля кансультацый арганізатараў акцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?