Руская праваслаўная царква выступіла ў падтрымку рок-оперы «Ісус Хрыстос — суперзорка», якую патрабуюць забараніць некаторыя праваслаўныя актывісты, паведамляе ВВС.
rock-opera.ru
«У Царкве ёсць людзі, якія звярнуліся да Евангелля дзякуючы рок-оперы «Ісус Хрыстос — суперзорка». Між блюзнерскай і некананічнай выявай святыні — прорва, якая не заўважная толькі культурна блізарукаму чалавеку», — напісаў кіраўнік сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах РПЦ з грамадствам і СМІ Уладзімір Лягойда на сайце ведамства.
Царква «не падаўляе творчасць, дабраслаўляючы мастакоў, якія натхняюцца евангельскімі сюжэтамі ў сваіх творах», заявіў Лягойда. Паводле яго слоў, мастацкія творы, заснаваныя на біблейскіх сюжэтах, з'яўляюцца «водбліскамі хрысціянскай культуры», хоць яны могуць даваць нагоду для спрэчак і дыскусій.
Нельга забараніць мастаку «чэрпаць натхненне ў Святым Пісанні», дадаў кіраўнік сінадальнага аддзела.
Такім чынам Лягойда адрэагаваў на ліст жыхароў Цюмені, у якім яны папрасілі губернатара Цюменскай вобласці Уладзіміра Якушава адмяніць паказ рок-оперы. На думку аўтараў ліста, дадзеная опера накіраваная на «стварэнне ілжывага ўяўлення пра боскую сутнасць Ісуса Хрыста і кананічныя погляды на біблейскія падзеі».