У сярэдзіне лістапада ў Гродне пачне працу першая ў краіне аўтамыйка на сонечных батарэях. Пра гэта паведаміў аўтар ідэі, дырэктар гродзенскага ПСУП «ОльшынаАўта» Дзмітрый Сіцько, піша БелТА.

У Гродне завяршаюцца падрыхтоўчыя працы па запуску першай мыйкі самаабслугоўвання, якая будзе «сілкавацца» не ад агульнай сеткі, а ад сонечных батарэй. З'явіцца яна на паркоўцы ў спальным раёне Вішнявец.

«Яшчэ раней, калі толькі закладвалі паркоўку, запланавалі на ёй месца пад сонечную станцыю. Раней усталявалі некалькі батарэй на доміку адміністратара, паглядзелі і пераканаліся, што за такімі тэхналогіямі будучыня», — адзначыў Дзмітрый Сіцько. Да канца года на пляцоўцы па вуліцы Вішнявецкай з'явіцца больш за 200 сонечных батарэй, у 2017 годзе плануецца ўстаноўка яшчэ 110 панэляў. Комплекс на дадзены момант выпрацоўвае 25-27 кВт.гадз, у будучыні яго прадукцыйнасць складзе 50 кВт.гадз.

Ужо сёння сонечная энергія цалкам пакрывае патрэбы аўтастаянкі. Да прыкладу, домік адміністратара ацяпляецца пры дапамозе электранагравальніка, энергію якому даюць сонечныя батарэі. Частка энергіі для выкарыстання ў начны час сутак назапашваецца ў акумулятарах, лішкі ж плануецца рэалізоўваць у агульную сетку.

«Зрабілі крокі і да энергаэфектыўнасці. Так, напрыклад, усе лямпы асвятлення, пражэктары і ліхтары на стаянцы і мыйцы — святлодыёдныя. Атрыманай ад сонца энергіі, як паказваюць разлікі, хопіць на тое, каб закрыць патрэбы аўтамыйкі ў электрычнасці ў светлы час сутак», — адзначыў Дзмітрый Сіцько. Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што аўтамыйка самаабслугоўвання зробленая па тыповым праекце, кліенты змогуць адчуць карысць альтэрнатыўнай энергетыкі за кошт больш нізкага кошту паслугі.

Сонечная станцыя, як чакаецца, стане самай буйной у Гродна. «Пры цяперашніх тарыфах сонечныя батарэі акупяць сябе за 5-6 гадоў. Прыемна, што наш праект падтрымалі і мясцовыя ўлады. Магчыма, будзем укараняць і іншыя тэхналогіі, звязаныя з альтэрнатыўнай энергетыкай», — распавёў Дзмітрый Сіцько.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0