1. Усе так зацята накінуліся на Севярынца, бо ён даволі лёгкая і зручная мішэнь. А між тым, фактычна, тымі самымі словамі супраць Хэлоўіна выступалі ў нядзелю па БТ беларускія праваслаўныя (Павал) і каталіцкія (Кандрусевіч) ерархі. Так што будзьце пасьлядоўнымі, змагайцеся не з Севярынцам — змагайцеся з каталіцкай і праваслаўнай царквой, бо непрыманьне Хэлоўіна — гэта іхняя афіцыйная пазыцыя.

2. Пачытаўшы некаторыя дыскусіі, можа ўтварыцца ўражаньне, што менавіта Севярынец — галоўны вораг роду чалавечага. Нібыта ён хоча забраць у нас нашую маёмасьць, нашу свабоду, нашы правы. Супакойцеся, ён усяго толькі выказаў сваё стаўленьне да аднаго паганскага сьвята)

3. У прынцыпе, Хэлоўін зьяўляецца праявай і спараджэньнем мас-культуры, — таму ён непераможны, і ніякая царква ня мае супраць мас-культуры ніякіх шанцаў) Але і змагацца «за» Хэлоўін — сьмешна і недарэчна, гэта ўсё роўна што змагацца за іншыя праявы мас-культуры — напрыклад, Джастына Бібэра).

4. Я разумею, што нас (і мяне, вядома) найбольш раздражняюць людзі, якія заклікаюць іншых задумацца. «Задумайцеся, якое сьвята вы адзначаеце, задумайцеся, як забіваюць жывёлу, якую вы ядзіце, задумайцеся, як эксплуатуюць дзяцей на фабрыках у Бангладэш, дзе пашылі вашы красоўкі, задумайцеся, як псуе паветра ваш аўтамабіль» — Э, замоўкні! Мы ня хочам задумвацца! Мы хочам сьвяткаваць, мы хочам камфорту тут і цяпер, а не «задумвацца».

Вось гэты чацьверты пункт, напэўна, для мяне самы галоўны. Трэба, каб былі такія «занудныя» і «раздражняльныя» людзі, якія прымушаюць нас задумацца пра ўсялякія некамфортныя рэчы. І іх трэба спакойна слухаць. Хаця зусім не абавязкова слухацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?