Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч даў сваю першую прэс‑канфэрэнцыю ад моманту прызначэньня яго на гэтую пасаду ў лютым.

Варта адзначыць, што пракурорскі мундзір Васілевіч прыйшоўся ўпару. Былы старшыня Канстытуцыйнага суду свабода апэрыруе статыстыкай без дапамогі шпаргалак, прыводзіць канкрэтныя прыклады злачынстваў і пакараньняў, а таксама прызнаецца, што працуе па 12 гадзін у суткі.

Васілевіч паведаміў, што за пяць першых месяцаў сёлета было зьдзейсьнена 67 тысяч злачынстваў, што амаль на 7% ніжэй, чым такі ж прамежак летась. Разам з тым, на 15% вырасла колькасьць злачынстваў зьвязаных з карупцыяй — хабару, злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Новы генэральны пракурор працягвае гаварыць пра гуманізацыю заканадаўства. «Пазбаўленьне волі ня ёсьць панацэяў ад прадухіленьня злачынстваў», — перакананы Р.Васілевіч. Ён прапаноўвае больш шырока ўжываць папраўчыя і грамадзкія працы. Прычым, ня проста падмятаньне вуліц, а больш «запамінальныя» пакараньні. На сёньняшні дзень 26% судовых працэсаў канчаецца турмой для абвінавачанага.

Ёсьць у плянах і спыненьне крымінальных справаў пры прымірэньні бакоў. Раней гэта было магчыма толькі па справах, дзе прадугледжвалася адказнасьць ня больш за два гады турмы, цяпер гаворыцца пра шэсьць.

Летась у краіне было зафіксавана 791 забойства. Дарэчы, у прапорцыях насельніцтва забойстваў у вёсцы фіксуецца ў два разы больш, чым у горадзе. Самымі крымінальнымі раёнамі ў краіне зьяўляюцца Магілёўскі, Бабруйскі, а таксама Партызанскі раён Менску. Кожны пяты зафіксаваны крадзеж прыпадае на мабільныя тэлефоны.

Васілевіч наракае на тое, што ў краіне амаль ніколі не аналізаваліся апраўдальныя прысуды. Ён прывёў прыклад, як за аналягічнае парушэньне суд вынес абвінаваўчы вырак у Магілёўскай вобласьці і апраўдальны ў Менскай.

Запыталіся ў генэральнага пракурора і пра гучную справу стваральнікаў «Мультыклюбу». Рыгор Васілевіч шчыра прызнаўся, што ня ведае, ці спынілі яе. Мульцікі гэтыя Васілевіч таксама не глядзеў. Для генэральнага пракурора не ўзьнікае пытаньне, ці варта лічыць інтэрнэт СМІ. «вярхоўны суд ЗША прызнаў інтэрнэт як СМІ яшчэ 15 гадоў таму», — кажа Рыгор Аляксеевіч. Таму, перакананы ён, і крымінальная адказнасьць мусіць быць такой жа як за публікацыю ў друкаваным выданьні.

«Ня толькі Анатоль Лябедзька абмежаваны ў сваім выезьдзе за мяжу. Калі ёсьць нейкія парушэньні, запазычанасьці, то ўсё гэта правамерна», — так Васілевіч выказаўся па крымінальнай справе лідэра АГП, сьледзтва па якой вядзецца на працягу некалькіх гадоў.

«Вось Рамана Менцюка вырашылі не затрымліваць, цяпер МУС яго шукае. Яго, можа, і ня варта было затрымліваць з улікам цяжкасьці злачынства, але чалавек быў ужо раней судзімы. Трэба было хаця б яго кантраляваць», — сказаў Васілевіч пра справу «жывога шчыта».

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0