Літаральна на наступны дзень пасьля прэс‑канфэрэнцыі, дзе прадстаўнікі праваабарончых арганізацый краіны заявілі пра супольны маніторынг парлямэнцкіх выбараў, да іх прыйшлі падаткавікі. Загады Міністэрства па падатках і зборах аб неабходнасьці падаць дэклярацыі аб прыбытках і маёмасьці атрымалі кіраўнікі і актывісты ўсіх буйных праваабарончых арганізацый, а таксама іхныя сваякі.

Цягам апошніх дзесяці дзён лісты з падатковай інспэкцыі атрымалі старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, першы старшыня арганізацыі Тацяна Процька, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, супрацоўнік БХК Зьміцер Маркушэўскі, праваабаронца Валянцін Стэфановіч і іхныя сямейнікі.

Характэрна, што ўціск на праваабаронцаў пачаўся ў тыя самыя дні, калі Лукашэнкам быў падпісаны Указ №344 «Аб прызначэньні выбараў у палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвёртага скліканьня». Паводле гэтага дакумэнту парлямэнцкія выбары ў краіне пройдуць 28 верасьня.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае: «Усё гэта адбываецца на фоне вядомых рэпартажаў на БТ. На мой погляд, усё гэта робіцца для таго, каб загадзя дыскрэдытаваць тых людзей, што зьбіраюцца маніторыць выбары».

Стэфановіч кажа, што ўсе праваабаронцы, што атрымалі лісты зь Міністэрства, як добрапаслухмяныя грамадзяне, падалі дэклярацыі аб даходах, і цяпер чакаюць адказу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?