Як стала вядома, устаноўчы зьезд грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» чарговы раз перанесены. Цяпер разглядаецца дата 25 кастрычніка.

Першапачаткова зьезд аб’яднаньня мусіў адбыцца яшчэ 17 траўня, але быў перанесены з прычыны таго, што «ў рабочую групу па распрацоўцы праграмы «Белай Русі» паступіла шмат канкрэтных і абгрунтаваных прапановаў па яе дапрацоўцы». Казалася, што зьезд можа прайсьці ў чэрвені.

Прычыны новага пераносу даты — няскончанасьць арганізацыйнай працы. Па‑ранейшаму не прынятае праграма руху, не зацьверджаны лягатып. Ёсьць і іншыя больш дробныя моманты.

Нагадаем, што напрыканцы красавіка з досыць рэзкай крытыкай «Белай Русі» выступіў А.Лукашэнка падчас штогадовага звароту да народу і парлямэнту. Кіраўнік дзяржавы сказаў:

«Я не зьбіраюся ўступаць у ніякую партыю. Я не выходзіў з партыі. Але, крый Госпадзе, сілай заганяць у якую арганізацыю. Я яшчэ пагляджу, якія там чыноўнікі. Калі ўжо ўзьнікла гэта арганізацыя, дык не замінайце ёй, хай яна ствараецца зьнізу. Каб здасьць іспыт, то добра, калі не — то будзе парцейкай, як некаторыя сёньня».

Многія зьвязваюць арганізацыйныя праблемы аб’яднаньня акурат з тымі заявамі Лукашэнкі.

У парлямэнцкіх выбарах як партыя «Белая Русь» не зьбіраецца ўдзельнічаць, але падтрымае некаторых кандыдатаў. Таксама вядома, што на сёньняшні дзень аб’яднаньне налічвае 80 тысяч членаў па ўсёй краіне, у пачатку красавіка было 75 тысяч.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0