Фота: Валерый Шарыфулін / ТАСС

Фота: Валерый Шарыфулін / ТАСС

Украіна пачала здабываць газ метадам фрэкінгу (гідраўлічны разрыў пласта), распавёў у інтэрв'ю Bloomberg старшыня праўлення ўкраінскага «Нафтагаза» Андрэй Кобалеў. Упершыню фрэкінг быў ужыты на газавай свідравіне каля месяца таму, сказаў Кобалеў, не ўдакладніўшы, у якім раёне краіны. Здабычу вядзе «Укргаздабыча» — даччынае прадпрыемства «Нафтагаза».

Па словах Кобалева, Кіеў павінен павялічыць здабычу газу з цяперашніх 20 млрд кубаметраў у год да 27 млрд, каб цалкам перайсці на самазабеспячэнне прыродным газам. У «Нафтагаза» няма досведу здабычы газу з дапамогай фрэкінгу, але ён збіраецца супрацоўнічаць з партнёрамі з іншых краін, якія могуць даць буравое абсталяванне, растлумачыў кіраўнік кампаніі.

Метад фрэкінгу звычайна ўжываецца для здабычы сланцавага газу, але можа выкарыстоўвацца і для павышэння аддачы ад традыцыйных свідравін. Па дадзеных Упраўлення энергетычнай інфармацыі ЗША, якія прыводзіць агенцтва Bloomberg, на Украіне можа знаходзіцца да 3,6 трлн куб. м. сланцавага газу — чацвёртыя па велічыні ў Еўропе запасы. Некаторыя СМІ, у прыватнасці ТАСС, паведамілі са спасылкай на інтэрв'ю Кобалева, што Украіна пачала здабываць менавіта сланцавы газ.

Пазней «Нафтагаз» на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў, што сланцавым газам кампанія займацца не збіраецца. «Мы плануем выкарыстоўваць даступныя сучасныя тэхналогіі, каб эфектыўна здабываць традыцыйны газ», — гаворыцца ў паведамленні.

У мінулым годзе Кіеў здабыў толькі 17,4 мільярдаў кубаметраў — самы нізкі паказчык за 10 гадоў, сведчаць дадзеныя з справаздачы ВР Statistical Review. Пры гэтым у заяве «Нафтагаза» падкрэсліваецца, што ва Украіны «дастаткова рэзерваў традыцыйнага газу, каб не мець патрэбы ў імпарце».

Украіна шукае новыя крыніцы для павелічэння аб'ёму здабычы газу пасля таго, як яго пастаўкі ў краіну ў мінулым годзе спыніў «Газпром» з-за адсутнасці перадаплаты з боку Кіева. Украіна тлумачыла сваё рашэнне тым, што закупляць газ у Еўропе для яе танней, чым імпартаваць яго наўпрост з Расеі. Пазней Кобалеў скардзіўся і на скарачэнне паставак «Газпрома» ў Еўропу, звязваючы гэта з ціскам на Украіну. Зрэшты, у расійскай кампаніі гэта тлумачылі планавым рамонтам.

«Нафтагаз» заяўляў пра гатоўнасць вярнуцца да трохбаковых перамоваў з Еўракамісіяй і «Газпромам» па пытаннях паставак расійскага газу, аднак пакуль закупкі так і не аднавіліся. Расія гатова аднавіць экспарт у любую секунду, казаў на мінулым тыдні прэзідэнт Уладзімір Пуцін, але толькі калі Кіеў ажыццявіць перадаплату. «Кошт будзе не вышэйшы, чым для суседніх дзяржаў, у прыватнасці для Польшчы. На момант нашай размовы Польшча ў нас па тых дзейных абавязацельствах купляла газ дзесьці па $185 за 1 тыс. куб. метраў», — паведаміў Пуцін (паводле «Інтэрфаксу»).

У канцы кастрычніка Еўракамісія дазволіла «Газпрому» павялічыць пастаўкі газу ў абыход Украіны — з 18 млрд да 28,2 млрд куб. м. у год (гаворка ідзе пра пастаўкі па газаправодзе OPAL, які злучае «Паўночны паток» і газатранспартную сістэму Цэнтральнай і Заходняй Еўропы). У інтэрв'ю Bloomberg Кобалеў таксама сказаў, што для Кіева гэта рашэнне стала «шокам» яно «нанясе значную шкоду фінансавым пазіцыям не толькі «Нафтагаза», але і ўсёй краіны». Зараз ўкраінская кампанія шукае юрыдычныя спосабы вырашэння гэтай сітуацыі, дадаў Кобалеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?