ААТ «Авіякампанія» Белавія «не плануе запускаць у Беларусі ўнутраныя авіярэйсы. Пра гэта паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара авіякампаніі Глеб Пархамовіч, піша БелТА. 

Глеб Пархамовіч адзначыў, што «Белавія» не мае намеру займацца малой авіяцыяй, таму што не бачыць у гэтым сэнсу. Ён звярнуў увагу на тое, што ў краіне добра развітыя сетка аўтамабільных дарог, чыгуначныя зносіны, таму чакаць значнага пасажырапатоку ў перавозках па паветры не даводзіцца. Аднак «Белавія» імкнецца захопліваць рэгіёны ў міжнародных перавозках: самалёт з Мінска прызямляецца ў якім-небудзь абласным цэнтры, забірае пасажыраў і ляціць за мяжу.

Пры гэтым Глеб Пархамовіч адзначыў, што авіякампанія пастаянна вывучае рынак і ацэньвае магчымасці пасажыраў, каб уводзіць новыя рэйсы і павялічваць частату на ўжо адкрытых кірунках. «Нагадаю, летась з'явіліся рэйсы ў Львоў, Палангу, падмаскоўны аэрапорт Жукоўскі. У планах на будучы год — пачатак палётаў у Брусель і аднаўленне — у Ерэван», — падкрэсліў ён.

Намеснік гендырэктара «Белавія» растлумачыў, што авіякампанія мае намер павялічыць частату рэйсаў у Палангу ў сезон (з аднаго разу ў дзесяць дзён да двух разоў на тыдзень), а таксама ўжо да канца года — у Жукоўскі.

Глеб Пархамовіч таксама паведаміў, што за апошнія два гады тарыфы авіякампаніі знізіліся прыкладна на 20%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?