Два гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у тры гады для двух супрацоўнікаў ДАІ – вынік эпахальнага працэсу па справе «Жывога шчыту» ў Менску.

«Прапусьціце прэсу!» – настойліва патрабавала адвакатка Вера Страмкоўская, сьвідруючы сабе шлях праз натоўп на ганку суду Менскага раёну, што на Лагойскім тракце. «Нельга, поўная заля!» – матлялі галовамі расчырванелыя ад стрэсу ды задухі міліцыянты-ахоўнікі.

Працуючы ў гэтым судзе, яны бачылі не адзін працэс, які пачынаўся падобным чынам – але то былі палітычныя справы. Гэтым разам, аднак, на лаве падсудных апынуліся людзі ў пагонах (хоць і апранутыя “па гражданцы”) – маёр Генадзь Дарагакупец і старшы лейтэнант Аляксей Ліхтаровіч, супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёну сталіцы. Як сьцьвярджае абвінавачаньне, гэта яны выставілі 2 сакавіка “жывы шчыт” з аўтамабіляў з пасажырамі на трасе Менск — Мікашэвічы для таго, каб спыніць ашалелага ад водкі Рамана Менцюка, які на сваім “Гольфе” ірваўся ў бок сталіцы на хуткасьці каля 160 км/г. Хоць яўнага палітычнага падтэксту працэс ня меў, але градус увагі да яго быў відавочна высокім – прычым ня толькі ў прэсе ды на інтэрнэт-форумах.

Па зьвестках адвакаткі пацярпелых Веры Страмкоўскай, справа знаходзіцца на асаблівым прэзыдэнцкім кантролі.

Натоўп на ганку

Прайсьці ў суд прэсе заміналі ня толькі міліцыянты, але і мужчыны ў штацкім з шырокімі сьпінамі. Як выявілася пазьней, гэта былі калегі падсудных. І менавіта яны чароўным чынам запоўнілі залю яшчэ да таго, як дзьверы суду расчыніліся для наведнікаў гэтага адкрытага працэсу.

Так ці іначай, пасьля невялікага скандалу, пішучым журналістам дазволілі заняць месцы ў залі. Праўда, тэлеапэратараў ды фотакораў на суд не дапусьцілі, таму яны былі вымушаныя задаволіцца, узяўшы ў прыцэл аб’ектываў пяцёх пасажыраў “жывога шчыту”, якія прыехалі выступаць у судзе ў якасьці пацярпелых. Шостую пасажырку, маленькую Валерую Пашкевіч, бацькі пакінулі ўдома на дагляд родных.

Пацярпелыя, звыклыя да ўвагі прэсы, паводзілі сябе спакойна, хоць і крыху напружана. Ня дзіва: колькі сілаў было пакладзена на тое, каб давесьці справу да суду. Юры Пашкевіч, кіроўца “БМВ”, які прыняў на сябе галоўны ўдар менцюкоўскага “Гальфа”, быў апрануты ў бездакорна адпрасаваны аліўкавы гарнітур.

Побач зь ім трымалася жонка, хударлявая жанчына інтэлігентнага выгляду, з кароткай фрызурай ды ў акулярах.

Іншы герой інцыдэнту на шашы, Аляксей Берасьнеў, які пасьля аварыі, мацюкаючыся на міліцыянтаў, дапамагаў даставаць з легкавікоў пацярпелых, стаяў, засунуўшы рукі ў кішэні джынсаў. Разам зь Берасьневым у працэсе ўдзельнічае ягоны сябрук Канстанцін Белагубцаў, які быў за рулём “Хонды” ў той вечар.

Кабета ў чорным строі – Алена Каўпакова, чый джып “Таёта” атрымаў першы ўдар “Гольфа” па датычнай. Мяркучы па заплаканых вачах ды знэрваванай паставе, жанчына дагэтуль не аправілася ад стрэсу.

Не пачвары

Невялікі судовы кабінэт з парэпанай стольлю і цеснымі драўлянымі лавамі здолеў зьмясьціць ня больш за тры тузіны чалавек, напакаваных локаць да локця. Увішны тэлеапэратар падбег да расчыненага акна, паставіў камэру на штатыў ды пачаў нахабна здымаць залю проста з вуліцы, праз краты. “Досыць!” раздражнёна адагнала яго суддзя Ірына Майко, не забыўшыся, аднак, незаўважна паправіць пасмачку бялявых валасоў.

На просьбу адвакаткі пацярпелых Веры Страмкоўскай пусьціць у залю рэшту журналістаў судзьдзя адмовіла: “Дзе яны разьмесьцяцца? Вольнай засталася толькі клетка. Больш аніводнага квадратнага мэтра няма”.

Нарэшце, суд распачаўся. Той, хто чакаў пабачыць на лаве падсудных цынічных монстраў, мусіў расчаравацца. Абвінавачаныя выявіліся звычайнымі беларускімі мужыкамі, разгубленымі, прыбітымі невясёлымі думкамі. Абодва паводзілі сябе ціхмяна, калі не сказаць прыгаломшана.

Мажны, старэйшы і па званьні і па ўзросьце Генадзь Дарагакупец нерухома сядзеў на лаве, нібы скошаны набок валун, панура паклаўшы локці на калені ды счапіўшы пальцы ў замок. Уздымаючыся час ад часу для адказу на пытаньні, ён, ссутулены, выразна “чэкаў” (ён родам зь вёсцы на Берасьцейшчыне), даючы свае нешматслоўныя адказы (словы застравалі комам у горле). Часам здавалася, што маёр знаходзіцца ў напаўсьне, успрымае тое, што адбываецца навокал, як нейкае трызьненьне.

Зразумець ягоныя эмоцыі нескладана: паводле часткі першай артыкулу 426 Крымінальнага кодэксу Дарагакупцу ды ягонаму напарніку Ліхтаровічу пагражае да трох год турмы. Акрамя гэтага, кожны з шасьці пацярпелых запатрабаваў кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 50 мільёнаў рублёў, дый матэрыяльнай шкоды патрабуюць вярнуць больш чым на 3 мільёны... Колькі гэта – амаль паўтары сотні тысячаў даляраў на брата? За ўсё жыцьцё ня выплаціш, тым больш, што заробку няма ўжо месяц – кіраўніцтва ДАІ, якое сьпярша апраўдвала дзеяньні экіпажу, зьмяніла сваё стаўленьне ды адхіліла маёра ад пасады. Праз 15 год службы – такі ганебны канец кар’еры... А дома – жонка, шаснаццігадовы сын, якога трэба выводзіць у людзі, ды дзевяцігадовая дачка...

Аляксей Ліхтаровіч (таксама не мянчук – родам з Валожыншчыны, гадоў трыццаці, невысокі, але з моцнай сківіцай) трымаўся крыху менш напружана: як падначалены Дарагакупца, ён, відавочна, не губляў надзеі атрымаць мякчэйшае пакараньне. Большасьць часу ягоныя вусны расьцягваліся ў бляклай ніякаватай ўсьмешцы, але вочы выдавалі разгубленасьць, ды галава часам змучана падала на грудзі, агаляючы загарэлы карак.

Вэрсія пацярпелых

Першы дзень распачаўся з допыту ўдзельнікаў здарэньня – пацярпелых ды абвінавачаных. Выступаючы па чарзе, усе пяцёра пасажыраў злашчасных аўто апісалі, кожны са сваёй пэрспэктывы, цалкам ідэнтычную карціну. Вартых увагі супярэчнасьцяў у іх паказаньнях не заўважалася. Такім чынам, паводле абагульненай вэрсыі пацярпелых, увечары 2 сакавіка іх аўтамабілі, адзін за адным, былі спыненыя супрацоўнікамі ДАІ на шашы “Мікашэвічы-Менск” на ўезьдзе ў горад. Інспэктар даваў жэстам сігнал спыніцца, скіроўваючы аўтамабілі такім чынам, каб тыя занялі ўсе чатыры палосы руху. Спробы кіроўцаў выйсьці з машынаў спыняліся. Празь непрацяглы час ззаду наляцеў “Гольф”, зачапіў “Таёту” Алены Каўпаковай і ўдарыў па “БМВ”, у якім знаходзілася сям’я Пашкевічаў. Па інэрцыі аўтамабіль урэзаўся ў міліцэйскае аўто, якое, у сваю чаргу, зачапіла іншы легкавік ДАІ.

Пасьля аварыі усе ўдзельнікі знаходзіліся ў стане шоку. “Мяне ўспрынялі не як чалавека, а як кавалак мяса”, -- абурана заявіў Канстанцін Белагубцаў. Як сьцьвярджаюць пацярпелыя, у гармідары пасьля сутыкненьня супрацоўнікі ДАІ праявілі разгубленасьць, хоць, крыху ачомаўшыся, таксама пачалі выцягваць пацярпелых з разьбітых машынаў. І ўсё роўна ў выніку сям’ю Пашкевічаў адвезьлі дадому знаёмыя, а за эвакуатар давялося плаціць з уласнай кішэні. Алена Каўпакова ехала праз увесь горад у сваім напаўразьбітым джыпе – ніхто з супрацоўнікаў ДАІ, якія да гэтага часу ў лішку пазьяжджаліся да месца аварыі, нават не пацікавіўся, як яна дабярэцца да хаты ў такім стане і на такой машыне.

“Сёньня я кажу праўду”

А вось абвінавачаныя намалявалі на судзе іншую карціну. Зрэшты, яна радыкальна адрозьнівалася ня толькі ад сьведчаньняў пацярпелых, але і ад уласных паказаньняў Дарагакупца ды Ліхтаровіча, якія тыя давалі ў часе папярэдняга сьледзтва, непасрэдна пасьля аварыі.

Гэтак, на папярэднім сьледзтве яны казалі, што зусім ня мелі часу на развагі ды дзеяньні – маўляў, ад моманту іх прыезду на месца здарэньня да аварыі прайшлі лічаныя сэкунды. Напрыклад, Генадзь Дарагакупец казаў на папярэднім сьледзтве пра 5 сэкундаў, якія прайшлі да аварыі, а вось на судзе ўжо вёў гаворку пра цэлых 30 сэкундаў. Адкуль такая несутыкоўка? “Я ад першасных паказаньняў адмаўляюся”, -- толькі і сказаў маёр.

Больш за тое: у часе папярэдняга сьледзтва Ліхтаровіч заявіў, што рабіў знак кіроўцам не спыняцца, а ехаць далей (менавіта такую вэрсію спачатку агучыла было кіраўніцтва ДАІ). Але на судзе, зьвязаны падпіскай пра крымінальную адказнасьць за дачу непраўдзівых паказаньняў, Ліхтаровіч прызнаў-такі, што ён даваў машынам знак спыняцца.

Увогуле, і Ліхтаровіч, і Дарагакупец часта папраўляліся, мянялі свае высновы, не маглі вызначыцца з фармулёўкамі. Так ці іначай, і ляйтматыў довадаў Дарагакупца і Ліхтаровіча быў такі: яны фізычна не маглі нічога зрабіць, каб прадухіліць сутыкненьне – бракавала часу.

І адвакат, і судзьдзя патрацілі нямала высілкаў на тое, каб агучыць усе зафіксаваныя ў справе супярэчнасьці ў паказаньнях даішнікаў, паставіўшы іх перад пытаньнем: дык калі ж тыя гавораць праўду? “Сёньня я кажу праўду”, - так і заявіў Ліхтаровіч. Але чаму ён не рабіў гэтага на папярэднім сьледзтве? Яснага адказу на гэтае пытаньне ён ня даў, але ў нейкі момант заікнуўся быў пра тое, што на яго, нібыта, ціснуў следчы. Але Ліхтаровіч тут жа наступіў сабе на язык, і адмовіўся ад гэтых сваіх словаў. “А што ты яшчэ зробіш, калі я...ы заціснуць ды рукі выкруцяць”, – ціха сыкнуў адзін зь ягоных калегаў у залі.

Кажуць сьведкі

Сьведкі – супрацоўнікі ДАІ зь іншага экіпажу, які прыбыў на месца здарэньня зь Менску, і слуцкае ДАІ, якое перасьледвала “Гольф” Менцюка, -- таксама давалі расплывістыя паказаньні. Адвакатка ды судзьдзя рэгулярна знаходзілі ў іх словах неадпаведнасьці. Адзін са сведак тлумачыў недакладнасьці тым, што ён быў пасьля аварыі ў шоку, рукі калаціліся. Цікава, што прысутныя ў залі калегі абвінавачаных адрэагавалі на гэтыя словы супрацоўніка ДАІ сур’ёзна, хоць незадоўга да гэтага яны адкрыта высьмейвалі Алену Каўпакову, якая распавядала пра свае візыты да псыхатэарапэўта пасьля аварыі.

“БМВ”-фантом

І абвінавачаныя, і сьведкі з ДАІ ўсе як адзін сьцьвярджалі, што на палосах было толькі тры машыны, а першую займала міліцэйскае аўто. Пацярпелыя, аднак, казалі, што была і чацьвёртая машына – чорная “БМВ”. Куды яна падзелася і ці была яна на месцы аварыі?

Паводле словаў абвінавачаных (і гэта пацьвярджаецца запісам радыёперамоваў) апэратыўны дзяржурны Антаневіч даў ім загад “прытрымаць рух” на гэтым адрэзку дарогі. “Так, мы створым вам затор – адказаў празь нейкі час па рацыі Ліхтаровіч.

Які сэнс укладаў ён у гэтыя словы? Ліхтаровіч патлумачыў пракурору так: “Я прыняў загад даслоўна: прытрымаць рух. Што такое прытрымаць рух? Гэта значыцца, пярэднія аўтамашыны спыніць, сабраць шчыльную плынь транспарту, і, калі шчыльная плынь зьбярэцца, сказаць, каб яны павольна рухаліся”.

Такім чынам, Ліхтаровіч і Дарагакупец спрабавалі стварыць паласу павольнага руху, у якой Мянцюк мусіў са сваім “Гольфам” завязнуць, як у багне. Але ці была рэальнай такая задума?

“А як вы зьбіраліся затор ствараць? – запыталася Вера Страмкоўская ў Ліхтаровіча. – Якія аб’ектыўныя дадзеныя былі да таго, што вы адказалі: “мы вам створым “корак?”

“Аб’ектыўныя дадзеныя – загад апэратыўнага дзяжурнага, – адказаў Ліхтаровіч. -- Калі я адказваў, я на дарогу яшчэ не зьвяртаў увагі”. – “А на падставе чаго вы даецё такі адказ?” -- “На падставе загаду апэратыўнага дзяжурнага”. -- “Загад што, любой цаной вы павінны выконваць? Ці ацэньваючы сытуацыю?” -- “Ацэньваючы сытуацыю.” -- “Ацанілі вы да гэтага часу сытуацыю ці не?

Адкажыце!” “Напэўна, не...” -- апусьціў рукі Ліхтаровіч. А тут яшчэ і Генадзь Дарагакупец вызнаў перад пракурорам, што на трасе не ставала машын для стварэньня мабільнага затору...

Цікава, што паводле агучаных у судзе мэтадычных рэкамэндацыяў Дарожна-патрульнай службы, тэхніка стварэньня мабільных затораў павінна быць іншай. Па-першае, для таго, каб стварыць “мабільны заслон” (штучны транспартны затор) для той шырыні дарогі, якія была на месцы аварыі на трасе Менск-Мікашэвічы, трэба было мець як найменш чатыры аўтамабілі апэратыўнага прызначэньня. Спачатку іх трэба паставіць уздоўж канту дарогі і свабодна прапускаць транспарт. Калі парушальнік, якога трэба затрымаць, наблізіцца, машыны ДАІ мусяць па чарзе ўліцца ў транспартную плынь з уключанай сыгналізацыяй, займаючы ўсе палосы руху і паступова запавольваць хуткасьць усёй аўтамабільнай плыні ажно да яе спыненьня.

Чаму Ліхтаровіч ды Дарагакупец стваралі затор па іншым рэцэпце? Ці раіліся яны з кімсьці наконт таго, як рабіць той “корак”? Як апэратыўны дзяжурны прыйшоў да высновы, што трэба аддаць загад “запаволіць рух” – сам, ці яму таксама далі загад? Адказы на гэтыя пытаньні знайсьці так і не ўдалося. Абвінавачаныя адмоўчваліся, а сам апэратыўны дзяжурны Антаненка (яго зьбіраліся выклікаць у якасьці сьведкі) па дзіўным супадзеньні сышоў у адпачынак за дзень да пачатку суду ды зьехаў за межы Беларусі, адключыўшы тэлефон.

Як спыняць па правілах?

Дарэчы, якія ўвогуле існуюць правілы для спыненьня парушальніка? Узгаданыя вышэй рэкамэндацыі у якасьці першага сродку раяць скарыстацца (з дазволу апэратыўнага дзяжурнага, ці, у крытычнай сытуацыі -- самастойна) адмысловымі шыпамі ці калючым ланцугом “Дыяна”, які сьцелецца па дарозе перад парушальнікам. Як сьцьвярджаў Дарагакупец, у іх машыне была тая “Дыяна”, але скарыстацца ёй не было загаду. Дый не пасьпелі б. Акрамя гэтага, для яе выкарыстаньня трэба быць упэўненым, што ў аўтамабілі, які трэба спыніць, знаходзяцца толькі датычныя да злачынства людзі.

Чытаем інструкцыю далей. Наступны спосаб спыніць “гоншчыка” – перагарадзіць дарогу грузавікамі, папярэдне вывеўшы адтуль кіроўцаў. Пра выстаўленьне легкавых аўтамабіляў ніякай згадкі няма. Трэці спосаб, які лічыцца найбольш гнуткім ды бясьпечным – стварэньне мабільнага затору. Менавіта ім, па словах абвінавачаных, яны і спрабавалі скарыстацца.

Цікавая акалічнасьць: тая самая інструкцыя кажа, што, калі іншымі спосабамі папярэдзіць аварыю нельга, дазваляецца перагарадзіць дарогу аўтамабілямі апэратыўнага прызначэньня – як самая апошняя магчымасьць. Чаму Дарагакупец ды Ліхтаровіч не спынілі Менцюка сваёй машынай? Адказ на гэтае пытаньне цікавіў і пракурора. Маёр Дарагакупец адказаў яму, што не заўважыў іншай машыны ДАІ, якая ехала ззаду ім на дапамогу (бадай, ён меў на ўвазе, што даўжыні адной ягонай машыны не хапіла б, каб цалкам перакрыць праезную частку). Чаму ж даішнікі хаця б не паставілі на дарозе сваю машыну з уключанай мігалкай, каб сустрэчныя машыны сышлі, паводле правілаў, на крайнюю правую паласу? “Але яны гэтага не зрабілі...” – разгублена адказаў маёр. Тут, дарэчы, робіцца зразумелым, чаму на судзе, у адрозьненьне ад папярэдняга сьледзтва, абвінавачаныя і сьведкі з боку ДАІ так актыўна пераконвалі суд, што мігалкі ўсё-такі былі ўключаныя ў момант аварыі.

Вырак

Вынесены вырак адпавядаў мяккаму запыту пракурора. Суд прызнаў Дарагакупца ды Ліхтаровіча вінаватымі, прызначыўшы ім пакараньне ў выглядзе двух год зьняволеньня ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам на тры гады. Таксама цягам трох год яны ня будуць мець права займаць пасады начальнікаў у органах унутраных справаў. Дарагакупец ды Ліхтаровіч мусяць таксама часткова кампэнсаваць палову выдаткаў пацярпелых на адваката, а таксама судовыя выдаткі – такім чынам, кожны мусіць сплаціць каля мільёна рублёў. А вось у пазове аб кампэнсацыі маральнай ды матэрыяльнай шкоды да Дарагакупца ды Ліхтаровіча пацярпелым было адмоўлена. Маральную шкоду пацярпелым будуць сплочваць не інспэктары, а гарадзкая ўправа ўнутраных справаў Менгарвыканкаму. Юры Пашкевіч, яго жонка і дачка атрымаюць па 6 мільёнаў рублёў, Алена Каўпакова 2 мільёны, Аляксей Берасьнеў ды Канстаньцін Белагубцаў па 1 мільёну. Прыгавор атрымае законную сілу праз дзесяць дзён, калі ня будзе абскарджаны.

Высновы

Суд па “Жывым шчыце” агаліў і многія іншыя праблемы. Па-першае, уражвала татальнае няведаньне прысутнымі ў судзе супрацоўнікамі ДАІ службовых інструкцыяў – і судзьдзя і пракурор і адвакатка пацярпелых неаднаразова пыталася ў абвінавачаных ды сьведкаў пра зьмест інструкцыяў, якімі яны мусяць карыстацца, а тыя ў адказ часьцяком “плавалі”, нібы першакурсьнікі на іспыце.

Па-другое, як паказаў запіс радыёперамоваў, 2 сакавіка дзяжурны ДАІ Менскай вобласьці паведаміў, што ўсе машыны ДПС занятыя на “спэцмерапрыемстве”. Менавіта таму так доўга не ўдавалася даслаць дапамогу слуцкаму экіпажу, які перасьледаваў Менцюка. Што гэта было за “спэцмерапрыемства”?

А яшчэ на судзе выявілася, што, паводле службовых інструкцыяў, аўтамабіль ДАІ фактычна разглядаецца гэта сьвятарная карова, ставіць якую ў небясьпеку можна ў выключным выпадку.

У сваім заключным слове, адвакатка пацярпелых Вера Страмкоўская сказала: “Назаўжды ў гісторыю Беларусі і беларускай юстыцыі ўвойдзе панятак “Жывы шчыт”. Аднак хочацца верыць, што гэты фэнамэн ўвойдзе менавіта ў гісторыю, а ня зробіцца звычайнай зьявай. У судзе ўвесь час вісела атмасфэра недавыказанасьці. Так і не атрымалася выявіць, у якіх нетрах нарадзілася рашэньне стварыць мабільны затор, і як яно абмяркоўвалася. Абвінавачаныя ды сьведкі зь боку ДАІ маўчалі пра тое, як рыбы. Камэнтуючы гэта, адвакат абвінавачаных ў заключным слове дазволіў сабе загадкавую фразу: “Калі яны не адказвалі, значыцца на тое ў іх былі падставы. Я думаю, усе здагадваюцца, якія гэта прычыны, пра якія ніхто ня хоча казаць, і ня будзе казаць”.

Заключныя словы Дарагакупца ды Ліхтаровіча былі дужа кароткімі. Абодва шкадавалі пра тое, што здарылася: “Нічога наўмыснага мы ня зьдзейсьнілі”. Ліхтаровіч сказаў, што пацярпелыя зрабіліся закладнікамі сытуацыі. Але не пакідае ўражаньне, што закладнікамі сытуацыі зрабіліся і самі інспэктары ДАІ, на якіх слова “загад” мае такі магутны ўплыў, што здольнае паралізаваць іх волю і здольнасьць цьвяроза ацэньваць сытуацыю. Як гэта часта здараецца ў Беларусі, капнуўшы праблему глыбей, абавязкова дастанеш на белы сьвет трухлявыя чарапкі несвабоды.

Алесь Кудрыцкі

Парады па сьлядах «Жывога шчыту»

Страхоўка

Як выявілася на судзе, усе пацярпелыя маюць пэрманэнтныя праблемы з атрыманьнем страхавых унёскаў за разьбітыя аўто. Сям’я Пашкевічаў дагэтуль не атрымала ані рубля ад страхавой фірмы, а Каўпакова здолела толькі часткова (атрымала 4 мільёны рублёў замест 5) вырваць са страхавой кампаніі выдаткі на рамонт машыны – ды і тое таму, што мела дужа дарагую страхоўку “Аўтакаска”. Парада: дбайце пра надзейную страхоўку загадзя.

Маральная шкода

Здавалася б, маральная шкода пацярпелым навідавоку. Але судовая мэдычная экспэртыза палічыла, што ўсе ўдзельнікі, нават маленькая Валерыя Пашкевіч, якая не магла ўначы спаць пасьля аварыі, ані кроплі не пацярпелі ў псыхалягічным пляне. Толькі Алена Каўпакова наблізілася да таго, каб яе маральныя пакуты былі афіцыйна зарэгістраваныя. Чуйная жанчына, яна пасьля аварыі знаходзілася ў такім стрэсе, што на наступны дзень мусіла пайсьці ў платны мэдыцынскі цэнтар да псыхатэрапэўта “Мне патрэбна было хаця б каму-небудзь выплакацца”, патлумачыла яна на судзе. Потым быў яшчэ адзін візыт да псыхатэрапэўта, выпісаныя супакойваючыя лекі ды прызначаная паўторная кансультацыя. Дык вось, сьледчая мэдэкспэртыза палічыла тое, што Каўпакова не прыйшла на тую паўторную кансультацыю, як знак таго, што псыхалягічная дапамога не была ёй патрэбная! Такім чынам, калі вы патрапілі ў экстрэмальную сітуацыю і жадаеце давесьці, што пацярпелі маральную ды псыхалягічную шкоду, зьвяртайцеся да псыхатэрапэўта, захоўвайце чэкі, ды праходзьце прызначаны курс лячэньня цалкам. Без гэтага шанцы на посьпех у вас мінімальныя.

Здымка мабільнікам

На судзе дужа сур’ёзна прымаліся да разгляду ў якасьці доказаў здымкі і відэа, зробленыя мабільным тэлефонам. Таму, патрапіўшы ў складаную і неадназначную сытуацыю, варта як мага больш дакладна зафіксаваць здарэньне. Мае сэнс таксама зьвярнуць увагу на ўсіх прысутных людзей, узяць іх каардынаты. Запомніць ці сфатаграфаваць нумары ўсіх аўтамабіляў, якія апынуліся побач. А таксама запісаць па гарачых сьлядах тое, што вы бачылі – каб памяць не згуляла з вамі злы жарт праз пару месяцаў.

Photo by Julia Darashkevich
Даішнікі Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч
Photo by Julia Darashkevich
Даішнік Генадзь Дарагакупец выходзіць з будынку суда пасьля прысуду
Photo by Julia Darashkevich
Адвакатка Вера Страмкоўская камэнтуе прысуд
Photo by Julia Darashkevich
Пацярпелыя
Photo by Julia Darashkevich
Пацярпелыя

Фота Юліі Дарашкевіч

Глядзі яшчэ:
Відэарэпартаж Яраслава Сьцешыка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0