У Жлобіне мясцовы жыхар, якога паклікала на дапамогу адвакатка, замкнутая на балконе, абрабаваў яе. Падрабязнасці крымінальнай справы распавёў аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама.

Адвакатка без мабільнага тэлефона выйшла на балкон папіць кавы, а ў гэты час дырэктар фірмы, дзе жанчына арандуе плошчу для сваёй дзейнасці, сыходзячы, замкнуў балконныя дзверы. Спробы паклікаць каго-небудзь на дапамогу поспеху не мелі — памяшканні ўжо былі пустыя. Міма праходзіла кампанія маладых хлопцаў, якія пачулі просьбу аб дапамозе — зайсці з адваротнага боку дома ў офіс і адчыніць дзверы.

Маладыя людзі, зайшоўшы ў памяшканне, не сталі спяшацца на дапамогу. Адзін з іх узяў са стала ноўтбук Lenovo, пасля чаго ўсе накіраваліся да выхаду.

Дзверы балкона пасля адчыніў адзін з кліентаў адвакаткі, якому быў прызначаны час прыёму.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі спрацавалі аператыўна. Па наяўных фотатабліцах жанчына апазнала рабаўніка. 23-гадовы хлопец быў раней неаднойчы судзімы, апошні раз — за крадзеж у гэтым годзе. Вызваліўся 1 кастрычніка.

Распачатая крымінальная справа па факце рабавання, а скрадзены ноўтбук вярнуўся да гаспадыні. Яго знайшлі падчас вобшуку па месцы жыхарства затрыманага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?