Лабавое сутыкненне двух аўтамабіляў адбылося ў Докшыцкім раёне, абодва кіроўцы моцна пацярпелі, паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Казючыц.

uvd.vitebsk.gov.bу

ДТЗ адбылося сёння раніцай у 6.50 на 122-м км аўтадарогі Лагойск-Зембін-Глыбокае — на выездзе з вёскі Чачукі. «Паводле папярэдняй інфармацыі, 48-гадовы кіроўца мікрааўтобуса «Мерседэс Бенц» няправільна выбраў хуткасць руху, не ўлічыў дарожную абстаноўку (дробны мокры снег, цёмны час сутак) і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем «Опель Вектра», — растлумачыў Аляксандр Казючыц.

Сутыкненне аказалася такім моцным, што прыйшлося прыцягваць работнікаў МНС, каб дастаць пацярпелых. Абодва кіроўцы — і магілёвец з «Мерседэса», і 31-гадовы глыбачанін з «Опеля» — з цяжкімі траўмамі дастаўленыя ў рэанімацыйнае аддзяленне Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

«Вядома, што старэйшы з кіроўцаў мае больш чым 10-гадовы стаж кіравання. За гэты час ён 18 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху, у тым ліку тройчы — у гэтым годзе. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка. Інспектары не знайшлі на месцы здарэння слядоў заносу і тармажэння. Абодва аўтамабілі на зімовай гуме», — адзначыў Аляксандр Казючыц.

Дзяржаўтаінспекцыя ў чарговы раз звяртаецца да кіроўцаў: у складаных умовах надвор'я неабходна не проста выконваць ПДР, але і быць як мага больш уважлівымі і асцярожнымі, правільна выбіраць хуткасць руху, не рабіць непатрэбных манеўраў і паважаць іншых удзельнікаў дарожнага руху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?