Віцэ-прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЭ Кент Харстэд прадставіў у Вашынгтоне вытрымкі з даклада па выніках праведзеных у Беларусі парламенцкіх выбараў, дзе зроблена выснова, што канструктыўных змяненняў у выбарчым працэсе так і не адбылося. У той жа час палітык указаў на гатоўнасць афіцыйнага Мінска да супрацоўніцтва з міжнароднымі структурамі.

На думку Кента Харстэда, цяперашняе заканадаўства Беларусі не гарантуе дэмакратычнага правядзення выбараў. Шэраг рэкамендацый, зробленых БДІПЧ/АБСЕ, быў пакінуты беларускімі ўладамі без увагі. Харстэд адзначыў, што з часу мінулых выбараў сітуацыя па некаторых паказчыках нават пагоршылася: «Фарміраванне выбарчых камісій было неплюралістычным. Але калі на парламенцкіх выбарах 2012 года сярод членаў участковых выбарчых камісій была зафіксаваная хоць бы мінімальная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі, то сёлета іх прысутнасць стала амаль незаўважнай — усяго 50 на 65.500 супрацоўнікаў выбаркамаў».

Кіраўнік Рабочай групы ПА АБСЕ назваў абсалютна непрымальнай арганізацыю падліку галасоў. Нягледзячы на жорсткую крытыку з яго боку па выніках мінулых прэзідэнцкіх выбараў і пісьмовыя інструкцыі, накіраваныя Цэнтрвыбаркамам участковым камісіям, 24% міжнародных назіральнікаў так і не змаглі ўбачыць працэс падліку бюлетэняў.

Таксама Кент Харстэд згадаў пра абмежаванні, з якімі сутыкнуліся кандыдаты: сустрэчы з выбаршчыкамі можна было праводзіць толькі ў пэўных частках горада, няроўны доступ да СМІ звузіў магчымасці для апазіцыйных кандыдатаў, а многім палітычным партыям і зусім многія гады не дазваляюць зарэгістравацца на тэрыторыі Беларусі.

Асноўная рэкамендацыя, якую АБСЕ накіроўвае Мінску год за годам, тычыцца ўдасканалення выбарчага заканадаўства. «Зыходзячы з майго дыялогу з беларускімі ўладамі, я магу сказаць, што яны разумеюць, чаго мы ад іх хочам. Нам сказалі, што часу, які прайшоў паміж мінулымі і цяперашнімі выбарамі, было недастаткова для змянення заканадаўства. На мой погляд, гэта ўпушчаная магчымасць. Мы б паставіліся з разуменнем да таго, што працэс яшчэ не завершаны. Але ён быў бы хоць бы пачаты! І тым самым Беларусь паслала б вельмі добры сігнал астатняму свету. Замест гэтага беларускі бок пакуль абмяжоўваецца абяцаннямі. Зразумела, мы па-ранейшаму чакаем», — сказаў кіраўнік Рабочай групы ПА АБСЕ.

Пры гэтым Кент Харстэд адзначыў гатоўнасць Мінска працаваць са структурамі АБСЕ, пра што, у прыватнасці, заяўляў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Паводле слоў Харстэда, у Беларусі разумеюць, што краіна жыве ў вельмі небяспечы час, асабліва калі ўлічыць сітуацыю ў суседніх краінах, праблему бежанцаў і неспакой за ўласную будучыню. «У нас ёсць адчуванне, што беларускім уладам хацелася б большай уцягнутасці ў гэты працэс. Мы таксама не зацікаўленыя ў бясконцых перамовах і сустрэчах, хацелася б бачыць канкрэтныя вынікі. У наяўнасці пазітыўны настрой, і хай гэтым дакладам, які мы прадставім у Беларусі 19 снежня, магчыма, паднясём кіраўніцтву краіны горкую пілюлю, я спадзяюся, што гэтая крытыка будзе ўспрынятая ў канструктыўным ключы, і ў нас наперадзе застаецца шмат магчымасцяў для сумеснай працы», — адзначыў Харстэд.

Беларускі бок афіцыйна перадаў ПА АБСЕ запрашэнне ўзяць удзел у назіранні за парламенцкімі выбарамі 2 ліпеня, падчас 25-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў Тбілісі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?