Гандбалісты зборнай Беларусі атрымалі першую перамогу ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы - 2018, абыграўшы ў гасцях каманду Сербіі з лікам 36:27. Пасля хатняй паразы ад румынаў (23:26) на старце спаборніцтваў у 2-й кваліфікацыйнай групе падапечным Юрыя Шаўцова абавязкова трэба было набіраць ачкі ў сербскім Нішы. Беларусы выдатна справіліся з гэтай задачай, вельмі ўпэўнена правёўшы матч з моцным супернікам. Госці з самага пачатку павялі ў ліку і па ходзе сустрэчы ні разу не дазволілі гаспадарам выйсьці наперад, згуляўшы адзін з найлепшых сваіх паядынкаў за апошні час.

У складзе зборнай Беларусі мячы закідвалі: Барыс Пухоўскі - 8. Андрэй Юрынок, Арцём Каралёк - па 7, Сяргей Шыловіч - 6, Дзмітрый Нікуленкаў - 3, Уладзіслаў Кулеш, Дзяніс Рутэнка - па 2, Аляксей Шынкель - 1. У трох папярэдніх сустрэчах з сербскімі гандбалістамі зборная Беларусі цярпела паразы і зараз упершыню дабілася перамогі.

Турнірнае становішча пасля двух тураў: Румынія - 4 ачкі (розніца мячоў - 54-46), Беларусь - 2 (59-53), Сербія - 2 (64-68), Польшча - 0 (55-65). Адборачны турнір кантынентальнага першынства адновіцца ў маі 2017 года. У трэцім туры зборная Беларусі 3 або 4 мая прыме на сваёй арэне палякаў, а сербы згуляюць у гасцях у каманды Румыніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?