Ад старажытнасці і да нашых часоў балоты заставаліся вабнай і жахлівай загадкай для звычайнага чалавека. Аднак, дзякуючы больш як 150-гадовай працы навукоўцаў і даследчыкаў, яны паступова адкрываюць свае тысячагадовыя таямніцы.

10 лістапада 2016 года а 18.00 у інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя кнігі «Флора і расліннасць верхавых балот Беларусі», якая аб'яднала шматгадовыя даследаванні беларускіх балот, праведзеныя навукоўцамі з розных краін свету.

Акрамя таго, слухачоў чакае цікавая навукова-папулярная лекцыя «Крок у свет верхавых балот» ад вядучых навукоўцаў-балотазнаўцаў: кандыдата біялагічных навук Дзмітрыя Грумо (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі), кандыдата біялагічных навук Алега Созінава (Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы ), кандыдата біялагічных навук Вольгі Галанінай (Інстытут навук аб зямлі, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт), кандыдата біялагічных навук Наталлі Зелянкевіч (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі). На лекцыі будзе разгледжана гісторыя вывучэння верхавых балот у Беларусі, асаблівасці іх развіцця і характэрныя рысы, геаграфія іх распаўсюду, а таксама значэнне верхавых балот для біясферы і біялагічнай разнастайнасці Беларусі. Размова пойдзе і аб асноўных прынцыпах аховы балотных масіваў такога тыпу.

Уваход на мерапрыемства бясплатны, з рэгістрацыяй па спасылцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?