Спажывецкае грамадства пабудавана па такім прынцыпе, каб падтрымліваць у чалавеку прагу да спажывання.

Мода на вопратку трымаецца не болей за сезон, нашмат часцей змяняюцца мадэлі кампутараў, тэлефонаў, паляпшаецца праграмнае забеспячэнне і г.д… Гэтая сфера функцыянуе такім чынам, каб падштурхоўваць чалавека спажываць нашмат болей, чым патрабуе яго натура і нават здаровы сэнс.

Паступова ў чалавеку фармуецца лёгкае стаўленне да ўсяго — усё можна набыць, і ад усяго можна легка пазбавіцца. Мяжа паміж каштоўнасным і другасным становіцца вельмі хісткай.

Акрамя таго, чалавек упадае ў самападман, думаючы, што праз такі ці іншы выбар рэчаў ён выказвае сябе, сваю індывідуальнасць, што гэта ён задае той ці іншы «дызайн» самога сябе.

Падаецца, што сённяшняя медыясфера ў Беларусі (і не толькі) існуе вельмі падобным чынам — яна насычае чалавека інфармацыяй, часцей за ўсё залішняй і не вартай. У жаданні прыцягнуць новую аўдыторыю выдумваюцца скандальныя гісторыі, статус «сенсацыйнасці», «унікальнасці» ці «фенаменальнасці» надаецца падзеям другасным, а вартыя абмеркавання пытанні застаюцца «па-за трэндам».

Бурнае развіццё Інтэрнэту і сацсетак знішчае аўтарытэты, у пэўным сенсе прымушае СМІ функцыянаваць у прасторы «інфармацыйнага шуму» і самім станавіцца яго стваральнікамі.

Пагоня за «лайкамі», колькасцю наведвальнікаў, «каментаў» перавышае клопат пра змест, актуальнасць і вартасць публікацыі.

Калі мы паспрабуем уявіць сабе беларускую медыяпрастору праз некалькі гадоў і зразумець, што нас чакае, — ці знойдзем мы падставы для аптымізму? Што насамрэч уплывае на развіццё беларускага медыярынку? Ці магчыма існаванне СМІ, не арыентаваных на «інфармацыйнае спажыванне»?

11 лістапада 2016 г. Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» у межах цыкла «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні» запрашаюць на адкрытую лекцыю культуролага Аляксея Крывалапа «Купляйце беларускае», альбо Што рабіць, калі заўтра не наступіць?». Лекцыя будзе праходзіць у крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» (вул. Кастрычніцкая, 16), пачатак а 18.30. Уваход вольны!

Разам з лектарам мы паспрабуем прааналізаваць стан сучаснай журналістыкі, узаемаадносіны СМІ і грамадства, уплыў «інфармацыйнага спажывання» на нас і нашу ідэнтычнасць і тыя чыннікі, якія здольныя мяняць сітуацыю і канструяваць іншую будучыню медыяпрасторы.

Відэазапісы папярэдніх лекцый і анонсы наступных падзей шукайце на сайце Лятучага ўніверсітэта.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0