Вядомы аўстрыйскі скрыпач і дырыжор Райнэр Хонэк прывёз з сабой у Мінск скрыпку Страдывары 1725 года вырабу, рынкавы кошт якой складае некалькі мільёнаў даляраў. 10 лістапада музыкант выступіць на гала-канцэрце салістаў Венскай оперы ў вялікай зале Палаца Рэспублікі разам з Прэзідэнцкім аркестрам РБ.

Фота: Сяргей Гапон

Фота: Сяргей Гапон

Валодае скрыпкай адмысловы фонд Аўстрыйскага нацыянальнага банка, які купляе першакласныя інструменты і дае іх у карыстанне музыкам найлепшых калектываў Аўстрыі. Райнэр Хонэк ужо больш за 30 гадоў з'яўляецца адной з першых скрыпак Венскага філарманічнага аркестра і Венскай оперы, выступаў як інструменталіст і дырыжор у дзясятках краін свету.

— Гэтая скрыпка называецца Chaconne, у ХІХ стагоддзі ёй валодаў вядомы аўстрыйскі скрыпач і кампазітар Ёзэф Ёахім. Паводле легенды, яе назвалі так таму, што ён вельмі любіў выконваць на ёй аднайменны твор Баха. Для мяне вялікі гонар і задавальненне граць на гэтым інструменце, — распавёў Райнэр Хонэк ужо ў Менску.

Райнэр Хонэк пачаў граць на скрыпцы Chaconne літаральна месяц таму. Да гэтага ў яго распараджэнні быў іншы інструмент Страдывары — ex-Haemmerle 1709 года вырабу. Апроч выступу ў якасці інструменталіста, Райнэр Хонэк будзе ў шэрагу твораў дырыжыраваць Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь. Ужо прайшла першая сумесная рэпетыцыя.

У гала-канцэрце таксама возьмуць удзел Ёрг Шнайдэр (тэнар) і Марта Палішот (сапрана), якія выканаюць фрагменты з аперэт «Лятучая мыш» (Штраўс), «Каралева Чардаша» (Штраўс), «Краіна ўсмешак» (Легар) і іншых твораў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?