7 лістапада на сайце з’явіўся матэрыял «Міратворац-2: Беларускае выданне», прысвечаны дасье. Даніла Цітарэнка пачаў з таго, што задаўся пытаннем: чаму аўтар матэрыялу ў «НН» лічыць, што паняцце «заходнерусізму» ўзнікла ў ХІХ стагоддзі? Цітарэнка спасылаецца на работу Аляксандра Цвікевіча «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в.» і гаворыць, што тэрмін з’явіўся ў 1720 годзе.

Не згодны ён і з тым, што заходнерусісты ХІХ стагоддзя параўноўвалі мясцовыя традыцыі з традыцыямі ўнутраных губерняў Расіі. І што «элементы, якія не адпавядалі рускаму эквіваленту, аб'яўляліся нанесенымі, польскімі — іх неабходна было выкараніць і знішчыць». Цітарэнка сцвярджае, без спасылак на гістарычныя крыніцы, што заходнерусісты найперш займаліся даследаваннем беларускай культуры, а «чужым элементам» лічылі паланізацыю мясцовага сялянства і шляхты.

Далей журфакавец спрачаецца з тым, што ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі стала пачаткам станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Ён даводзіць, што, паколькі Рада БНР не мела ўласнай арміі, паліцыі і кантролю над тэрыторыяй, то і ўлічваць гэта не варта. На думку Цітарэнкі, сапраўдная першая беларуская дзяржава — БССР. Але ён пагаджаецца, што палітыка беларусізацыі пахавала ідэю заходнерусізму.

Тое, што ў матэрыяле прыводзяцца імёны і выказванні сучаснікаў-заходнерусістаў, абурыла Цітарэнку. «Аўтар не абмяжоўваецца пералікам. Ён бярэ выказванні і погляды гэтых людзей, нават агульнадаступную інфармацыю і перакручвае іх, ствараючы нейкае падабенства кампрамату», — піша ён.

І прыходзіць да высновы, што «насамрэч у матэрыяле адчуваецца зайздрасць да «заходнерусістаў», бо ў БНФ даўно наступілі цяжкія часы».

Напрыканцы матэрыялу Цітарэнка ўзгадвае меркаванне Давыдзькі пра свежы нумар «НН», якое ён выказаў падчас праграмы «Клуб рэдактараў». 

«Шчыра спадзяюся, што беларускай апазіцыі раптам дадасца адэкватнасці. Інакш яны стануць стваральнікамі новага кагнітыўнага дысанансу — «лібералы» і «дэмакраты» ствараюць таталітарны канцлагер з Беларусі», — падсумоўвае аўтар.

Палова матэрыялу журфакаўца самой публікацыі пра заходнерусістаў не прысвечана. Цітарэнка асуджае БНФ, выказвае сумненні ў аўтарытэце аўтара тэксту Ігара Лялькова і абвінавачвае «Нашу Ніву» ў непрафесіяналізме.

Раней Даніла Цітарэнка распавёў «НН», чаму ён піша здзеклівыя артыкулы пра апазіцыю на чарнасоценскі сайт «Румола».

Даведка:

Ігар Лялькоў, аўтар публікацыі «Хто хоча зрабіць з Беларусі Заходнюю Расію». Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту (1997), Сарбонскі ўнівэрсітэт (Францыя, 1998) і магістратуру Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча, 2003). У 1997—2001 гг. працаваў у Нацыянальным архіве Беларусі, Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводстве Беларусі, Беларускім навукова-даследчым цэнтры электроннай дакументацыі. У 2002—2007 гг. выкладаў у Беларускім Калегіуме, Варшаўскім універсітэце (Польшча), Карлавым універсітэце (Прага, Чэхія), Вышэйшай школе дзяржаўнай адміністрацыі ў Беластоку (Польшча). Ад 2008 г. — в.а. старшыні, а потым старшыня Мінскай абласной рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0