Кітайскія дактары паспяхова вырасцілі на руцэ штучнае вуха. Пра гэта піша Daily Mail са спасылкай на выданне Huanqiu.com.
Reuters
Аперацыя, якая да гэтага часу не перайшла ў фінальную стадыю, праводзіцца пад кіраўніцтвам доктара Го Шучжуна з лякарні пры Універсітэце Джаа Тонг у Сіані (правінцыя Шэньсі).
Пацыент — мужчына па прозвішчы Цзі — некаторы час таму трапіў у аварыю, у якой страціў правае вуха. Акрамя гэтага, у мужчыны была знявечаная частка твару, і ён перанёс некалькі пластычных аперацый для аднаўлення скуры. Тым не менш, вярнуць вуха з дапамогай традыцыйнай медыцыны не ўяўлялася магчымым, і Цзі звярнуўся да Шучжуна.
huanqiu.com
Доктар вырашыў праводзіць аперацыю ў тры этапы. На першым пад правым перадплеччам Цзі ўсталявалі пашыральнік скуры. На другім лекары вынялі з рэбра пацыента храсток, змадэлявалі з яго форму будучага вуха і перасадзілі на руку.
Трэцім этапам, які яшчэ не праводзіўся, стане перасадка вуха на галаву метадам накладання сасудзістага анастамозу. Па плане Шучжуна гэтая частка аперацыі будзе праведзеная прыкладна праз тры-чатыры месяцы.
Гэта не першы падобны выпадак у Кітаі. У 2013 годзе кітайскія навукоўцы вырасцілі новы нос на лбе пацыента, у якога пасля ДТЗ у выніку інфекцыі цалкам разбурыўся храсток у носе.