Інжынеры расследавалі прычыны выбуху шматразовай ракеты Falcon 9, а яе палёты адновяцца ў сярэдзіне снежня, паведаміў Ілан Маск.
Нагадаем, што некалькі выбухаў знішчылі ракету Falcon 9 разам з ізраільскім тэлекамунікацыйным спадарожнікам коштам 200 млн даляраў 1 верасня 2016 года. Эксперты былі збянтэжаныя тым, што выбух адбыўся падчас тэстаў яшчэ да запуску рухавікоў, за 2 дні да запланаванага старту ракеты.
Кіраўнік SpaceX адзначыў, што праблема адбылася падчас запраўкі ракеты. Вадкі кісларод трапіў у бак з палівам. Праз тое, што паліва было замарожанае, кісларод перайшоў з вадкага агрэгатнага стану ў цвёрды. Гэта, у сваю чаргу, выклікала разрыў кантэйнераў, вырабленых з вугляродных кампазітаў, якія ўтрымлівалі вадкі гелій. «Праблема комплексная, звязаная з вадкім геліем, вугляроднымі кампазітамі і цвёрдым кіслародам. Кісларод настолькі астыў, што перайшоў у цвёрдую фазу», — заявіў Маск. На жаль, кіраўнік SpaceX не паведаміў іншых тэхнічных дэталяў.
Нагадаем, што першыя кіраваныя палёты на МКС на караблі Dragon V2 SpaceX запланаваныя ўжо на канец 2017 — пачатак 2018 года. Нягледзячы на тое, што інжынеры SpaceX знайшлі прычыну выбухаў ракеты Falcon 9, эксперты непакояцца за лёс будучых пілотаў-астранаўтаў карабля SpaceX. Справа ў тым, што кампанія Ілана Маска вырашыла выкарыстоўваць звышхалоднае паліва для паляпшэння характарыстык рухавіка. Выкарыстанне такога паліва патрабуе запраўкі бака карабля адразу перад запускам ракеты. Каб паліва не паспявала нагрэцца, SpaceX прапанавала запраўляць свае ракеты ўжо пасля пасадкі астранаўтаў на борт.
Гэта выклікала шквал крытыкі з боку экспертаў, паведамляе Reuters. Былы астранаўт NASA, а цяпер старшыня Кансультатыўнага камітэта пры NASA па пытаннях МКС генерал Томас Стафард адзначыў, што запраўка ракеты з астранаўтамі на борце — небяспечная аперацыя. Асабліва небяспечна гэта выглядае пасля апошняга выбуху ракеты Falcon 9 падчас запраўкі.
Іншыя ветэраны NASA таксама звярнулі ўвагу на тое, што ўсе мінулыя ракеты, на якіх адпраўлялі людзей у космас, запраўляліся папярэдне, да пасадкі экіпажа на борт.
Перш чым адправіць астранаўтаў на МКС, кампанія Ілана Маска павінна атрымаць ухваленне сваёй сістэмы ад NASA. У сваю чаргу NASA працягвае расследаваць акалічнасці выбуху ракеты Falcon 9 падчас тэставай запраўкі.
Ілан Маск адзначыў, што будзе гатовы перагледзець сістэмы запраўкі сваіх ракет у залежнасці ад вынікаў поўнага расследавання, таму ніякага канфлікту паміж NASA і SpaceX няма.
NASA, якая адправіла на пенсію свае шматразовыя караблі ў 2011 годзе, узяла ў падрадчыкі прыватныя кампаніі «SpaceX» і «Boeing», якія павінны распрацаваць новыя караблі. Да гэтага моманту астранаўты будуць дабірацца да міжнароднай касмічнай станцыі на расійскіх капсулах «Саюз», па цане каля 70 млн даляраў за чалавека.