Дэмакратычныя партыі пакідаюць за сабой права зьняцьця сваіх кандыдатаў, у выпадку адмовы ўладаў уключыць прадстаўнікоў апазыцыі ў склад участковых выбарчых камісій. Тым часам Эўропа разгортвае сваю галоўную гульню гэтага палітычнага сэзону. Яна хацела б прызнаць Лукашэнку па варыянце Аліева, і ставіць толькі дзьве ўмовы: каб у палату прайшлі некалькі апазыцыянераў з АДС і каб Казулін выйшаў на свабоду. Адзін з польскіх дыпламатаў сказаў аўтару гэтых радкоў, што большасьць краінаў сышліся ў неабходнасьці «падаць Беларусі ясны сыгнал»...

«Я сёння вярнуўся са Страсбурга, дзе выступаў з дакладам на сесіі ПАСЕ, і мы дамовіліся, што і адзіны спіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, і спіс тых, каго мы прапаноўваем уключыць у выбарчыя камісіі будуць перададзеныя і ў Палітычны камітэт, і ў падкамітэт па Беларусі для таго, каб яны выконвалі функцыю лакмусавай паперы. Нас увесь час пыталі, якія крытэры адзнакі выбараў? Вельмі проста. Вось 110 прозвішчаў патэнцыйных кандыдатаў – колькі іх зарэгістравана? Вось спіс тых, каго мы прапаноўваем уключыць у выбаркамы – колькі іх уключана? І тады вельмі проста рабіць маніторынг таго, што адбываецца. Мы прынялі рашэнне аб абмежаваным удзеле ў выбарчай кампаніі. Калі нашых людзей не будзе ў складзе акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, то мы пакінем за сабой права зняць кандыдатаў з адзінага спісу», -- паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Палітык назваў выбарчую кампанію без уключэння апазіцыі ў склад выбаркамаў «лахатронам».

«На мінулых прэзідэнцкіх выбарах 120 тысяч чалавек уваходзіла ў склад акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, з іх толькі 1 чалавек прадстаўляў апазіцыйную партыю. Гэта значыць, што 119 тысяч 999 чалавек прадстаўлялі інтарэсы аднаго кандыдата – Аляксандра Лукашэнкі, і толькі адзін прадстаўляў двух дэмакратычных кандыдатаў – Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна. У гэтай сітуацыі немагчыма прымаць удзел у выбарах – гэта сапраўдны лахатрон. Калі гэта будзе паўтарэнне прэзідэнцкай кампаніі ці блізкае да таго, то, вядома, у нас ёсць і палітычнае і маральнае права зняць кандыдатаў», -- адзначыў палітык.

Што датычна прысутнасці назірання за выбарамі, то лідэр АГП адзначыў, што палітычныя партыі не вітаюць прыезду на адзін дзень міжнародных назіральнікаў у Беларусь. «Мы падтрымліваем ідэю доўгатэрміновага назірання», -- адзначыў палітык.

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін лічыць, што рашаць пытанне аб далейшым удзеле ў выбарах кандыдаты палітычных партый павінныя, у тым ліку, пасля ацэнкі «фона выбарчай кампаніі».

«Акрамя пытання ўключэння прадстаўнікоў апазіцыі ў камісіі, важна таксама, ці пачнуць патэнцыйных кандыдатаў прэсінгаваць на працы, ці пачнуць прэсаваць людзей, якія пойдуць збіраць за іх подпісы. Гэта будзе агульны фон, які мы павінныя будзем уважліва адсочваць і прымаць рашэнне», -- заявіў лідэр Партыі камуністаў Беларускай.

Па меркаванні намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, дэмакратычныя кандыдаты сёння павінныя праводзіць выбарчую кампанію так, як яна павінная праходзіць у дэмакратычных краінах, негледзячы на ўсе абмежаванні беларускага ЦВК.

«Нашыя кандыдаты не павінныя звяртаць увагу на абмежаванні з боку ЦВК. Мы павінныя дэ-факта праводзіць кампанію так, як мы патрабуем ад уладаў. Мы будзем распаўсюджваць інфармацыйных матэрыялаў столькі, наколькі ў нас хопіць рэсурсаў, а не колькі нам дазволіць ЦВК. Мы будзем праводзіць мітынгі і сустракацца з выбаршчыкамі там, дзе захочам, а не на тых пустках, куды нас будзе пасылаць выканкам», -- адзначыў Віктар Івашкевіч.

«Для нас абсалютна непрымальна, што некаторыя прадстаўнікі міжнародных арганізацый і палітычных эліт розных краін вядуць закулісныя гутаркі аб тым, што прысутнасць 3-4 прадстаўнікоў з адзінага спісу кандыдатаў ад апазіцыі можна абменьваць на частковае або поўнае прызнанне выбарчай кампаніі. Мы кажам катэгарычна - не. Нам не патрэбныя ніякія квоты ад Лукашэнкі. Нам трэба толькі адно - адкрытыя, свабодныя, сумленныя выбары», -- дадаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Тым часам у сераду стала вядома, што польскія дыпламаты, якія працуюць у Брусэлі, імкнуцца пераканаць сваіх калегаў па ЕС зняць ці хаця б значна паслабіць палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі. Іх галоўны довад – якія-небудзь абмежавальныя меры супраць Менску дарэмныя, а задача нумар адзін - «вырваць Беларусь з рук Масквы».

Адзін з польскіх дыпламатаў у Страсбургу сказаў аўтару гэтых радкоў, што большасць краінаў сышліся ў неабходнасці «падаць Беларусі ясны сігнал, што ў выпадку калі па выніках выбараў у палату прадстаўнікоў трапяць прадстаўнікі апазіцыі, Беларусі будзе прапанавана вярнуцца ў Раду Еўропы». У той жа час, сказаў ён, ніхто не верыць, што «Лукашэнка стане дэмакратам». А таксама ёсць «пэўныя маральныя межы, якія Эўропа не пяройдзе». З ягоных словаў, «вызваленне Казуліна і выбары» гэта ўмовы-мінімум, без выканання якіх з Беларуссю ніхто не стане размаўляць, у тым ліку па пытанні далучэння да праекту транзіту каспійскай нафты ва Ўсходнюю Еўропу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?