Некалькі дзён таму «Наша Ніва» пісала пра санкт-пецярбургскага дыякана Паўла Шульжонка. Ён ехаў у Віцебск на «Ірынінскі форум». Арганізатарамі мерапрыемства выступалі Патрыярхава падвор’е пры храме Святой Ірыны ў Маскве, Ніжагародская мітраполія, Віцебская епархія, Канцылярыя кіраўніка Расійскага імператарскага дома, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт.

Шульжонак праславіўся сваімі паводзінамі ў сацыяльных сетках. Напрыклад, Шульжонак мог запосціць сэлфі з могілак пасля нядаўняга пахавання ці з прыбіральні. Ён не саромеўся змяшчаць фотаздымкі з пабаў і бараў, дзе ўжываў піва. А таксама здзекаваўся з ахвяраванняў прыхаджан.

Павел Шульжонак неаднаразова ездзіў у так званую «ДНР». Ён не хаваў таго, што з’яўляецца духоўнікам «баявых падраздзяленняў Данецкай народнай рэспублікі». «Па вялікім рахунку тут павінен быць не я, а прэсвітары і іерэі», — казаў Шульжонак. Ён хадзіў з нашыўкай батальёна «Патрыёт» на святарскім адзенні.

Як паведамляюць СМІ, дыякан мусіў выступаць на форуме ў Віцебску з дакладам «Цывілізацыйная роля Рускай праваслаўнай царквы ў міратворчым аспекце». Аднак пасля публікацый у беларускіх выданнях на самім мерапрыемстве святар не з’явіўся. Хаця на століку рэгістрацыі ляжаў бэйджык з яго імём.

Сам Шульжонак адрэфлексаваў паездку ў Беларусь некалькімі допісамі Укантакце. «Ніколі не думаў, што мой кароткі візіт у родную Беларусь можа выклікаць такую інфармацыйную буру. Мяркуючы па-ўсяму, антырускае змагарства, гэты падвід украінства, нягледзячы на ўсю сваю бяззубасць і недарэчнасць, досыць распаўсюджанае ў Беларусі з'ява. І гэта трэба лячыць, чым раней і больш жорстка, тым лепш», — гэта быў першы пост Шульжонка.

У каментах ён тлумачыў, што лічыць беларускую мову «правінцыйным дыялектам» рускай. «Гэта смешны і забаўны дыялект, але я не хачу на ім размаўляць», — сказаў святар.

Пасля Шульжонак адзначыўся яшчэ адной публікацыяй. «Прарасійскімі краінамі могуць лічыцца толькі тыя краіны, якія самі імкнуцца ўвайсці ў склад Расіі, але мы іх самі па нейкіх прычынах трымаем у статусе сяброў і кандыдатаў. Мы чамусьці называем прарасійскімі дзяржавамі Беларусь, Казахстан і Малдову. Але вось у чым загваздка. Гэтыя сяброўкі могуць колькі заўгодна атрымліваць ад нас падарункі, але весці пры гэтым «незалежную» і «шматвектарную» палітыку», — лічыць скандальны духоўнік.

«Упэўнены, калі мы не будзем валодаць Беларуссю і Казахстанам у самым глыбокім сэнсе, нам не ўдасца ўтрымліваць іх у фрэндзоне, і больш за тое, разлічваць на вернасць. На жаль, альбо мы ўзнімем над імі сваю Аквілу, альбо нам трэба змірыцца з тым, што ў наш агульны дом будзе заходзіць нейкі каўбой. Што да сапраўдных прарасійскіх краін, то іх не так шмат, і іх мы незаслужана трымаем у цені. Гэта Наваросія, Прыднястроўе, Асеція і Абхазія. А больш нас, прабачце, ніхто на дадзены момант не любіць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?