Клінтан выйграла галасаванне, але прайграла выбары. А South Park 9 лістапада выпусціў спехам дапасаваную да вынікаў выбараў серыю з выразным назовам: «Oh, Jeez».

There’s no turning back

Выкладчык БДУ Андрэй Екадумаў у сваёй бліскучай манаграфіі шмат разважае пра Рэфлексіўны, або Другі мадэрн. Гэта не навіна, пра постіндустрыяльнае грамадства пішуць нават у беларускіх падручніках. Перамога Трампа, якую рэфлексуюць усе — ад публіцыстаў «Нашай Нівы» да аўтараў South Park‘a, — задае новыя рамкі эпохі. Усё толькі пачынаецца, чаму б не захапіцца зіхоткімі агнямі вялікіх гарадоў? We’re gonna make it. There’s no turning back, падсумоўвае ў апошняй серыі «Паўднёвага парка» Эрык Картман пад напяты драматызм музычнага суправаджэння.

Last but not least

Прафесар універсітэта Рэгенсбурга (Германія), Фолькер Дэпкат, даў акадэмічна грунтоўнае тлумачэнне ў інтэрв’ю «Нямецкаму радыё».

Прычыну ён бачыць у тых эканамічных пераменах, якія перажывае амерыканскае грамадства, «інтэнсіўных і за кароткі час». Яны выкліканыя глабалізацыяй і выражаюцца ў разбурэнні традыцыйнай сістэмы занятасці ў прамысловасці. Працоўныя месцы скарачаюцца не толькі ў выніку прыезду мігрантаў, але і ў выніку камп'ютарызацыі. Далёка не ўсе амерыканцы выявіліся гатовыя да такіх імклівых перамен.

Гаворка ідзе не толькі пра 10—15% кепска адукаваных белых пралетарыяў, якія ўжо згубілі свае працоўныя месцы. «Мы спрашчаем, калі кажам, што за Трампа галасавалі толькі няўдачнікі глабалізацыі», — адзначае Дэпкат. Вельмі многія сем’і жывуць на парозе страты свайго цяперашняга сацыяльнага статусу. Пры гэтым многія праз укарэнены «менталітэт крэдытных картак» не разумеюць, што звыклы для сябе жыццёвы стыль яны ўжо сабе не ў змозе дазволіць. Гэта спараджае натуральныя страхі перад глабалізацыяй і будучыняй увогуле, якія ўдала каналізаваў Трамп.

Нарэшце, last but not least, плюралізацыя сацыякультурнай прасторы ЗША, міграцыя і «трэцяя хваля» перасялення ў Злучаныя Штаты і змяншэнне вагі белых англасаксонскіх пратэстантаў. У канчатковым выніку спрэчкі вакол «палітыкі ідэнтычнасці» і «вядучай культуры», страх перад стратай уласнай тоеснасці з боку многіх амерыканцаў спрыялі Трампу, які патрапіў адказаць на гэтыя выклікі проста і даступна.

Нельга не адзначыць і магутны папулісцкі патэнцыял самой амерыканскай палітычнай сістэмы, які стварыў структурныя перадумовы для выбарння Трампа. Гаворка ў дадзеным выпадку ідзе пра тое, што амерыканская палітычная сістэма прадугледжвае выбранне асоб, а не галасаванне за партыйныя спісы. Гэты інстытуцыянальны, структурны рэсурс быў выкарыстаны Трампам таксама, як і набалелыя грамадскія праблемы.

To the end of what?

Мульцяшны Біл Клінтан ў сцэнары Трэя Паркера прызнае віну, якая стала адным з цэнтральных пунктаў дыскусіі «пасля Трампа». Чаму? «Because we’re very close to the end». На ўсхваляванае пытанне — «To the end of what?» «Паўднёвы парк» не дае адказу.

Становіцца цікавей, га? Гэта новая якасць духу часу, калі зноў чутно, як круціцца гісторыя. Калі людзі прачынаюцца ўлетку, а ў Турцыі праваліўся дзяржаўны пераварот. А потым у лістападзе прачынаюцца, а Трамп выйграў выбары ў Пенсільваніі. А потым не толькі там. Нямецкія аўтары цытуюць Гётэ з 1792-га і пытаюць, ці не назіраем мы выпадкова нешта падобнае да перамогі французскай рэвалюцыйнай арміі над прускай? Гётэ ўспрыняў гэта потым як змену эпохі.

Сапраўды, хіба не дзіўна, што паўсюль у гэты час можна ўгледзець прыблізна тоесныя разважанні? Калумніст нямецкага часопіса Cicero піша пра дзікую нянавісць да навацый, пра разрыў сувязі паміж работнікамі і намінальна работніцкімі партыямі і напамінае, што, хаця «радыкальны нацыяналізм можа быць небяспечны», усё-ткі «гэта нармальна — перажываць за сваю краіну». І няможна папракаць людзей, калі яны хочуць, каб іх краіна заставалася такой, якая яна ёсць, а не мянялася. У гэтым жа рэчышчы разважае Стась Карпаў у НН: парадаксальным чынам тыя, хто сёння абураны і зняважаны перамогай Трампа, таксама рабілі ў яе свой неацэнны ўнёсак.

У гэты шэраг спрытна залучаецца і South Park, які падсумоўвае гэтую разлітую па свеце трывогу — аб ліберальнай дэмакратыі, аб будучыні і аб выбарах. «Wieners out» — скандуюць навучэнцы пачатковай школы, праблематызуючы мэйнстрымны дыскурс віны і групавой адказнасці «белых мужчын».

Стала цікавей. Прывет, стары добры South Park, прывет, наноў функцыянуючы дух часу.

Калі людзі злыя, ім чытаюць лекцыі пра «разнастайнасць»

Беларускія каментатары, эксперты, інтэлектуалы і наогул — прадстаўнікі няшчыльнага крэатыўнага класа ў «свядомым» Мінску — найбольш жартуюць. («Беларусы выбіралі Трампа, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам».) Вывады аб тым, што гэта было паражэнне медыя, што чым больш упэўнена прафесіяналы і спікеры прадракалі паражэнне Трампа, тым мацнелі ягоныя шанцы, для нас сапраўды не новыя.

Нямецкія ж аўтары імкнуцца зрабіць высновы з амерыканскай кампаніі.

Адзін з аўтараў FAZ пазначыў: той, хто выстаўляе выбарцаў Трампа паўдуркамі, недаацэньвае іх фрустрацыю. 

Галоўны ўрок «Трампа» (як сітуацыі) — касмапалітычная фанабэрыя кепска прадаецца на палітычным рынку (дзе ўсё, у прынцыпе, магчымае — «і так і павінна быць»). Талерантным і ліберальным жыхарам метраполій, якія выйгралі ад глабалізацыі, не варта пагардліва пазіраць на тых, хто ставіцца да глабалізацыі інакш. Бо гэтае іншае стаўленне можа быць вынікам не толькі нізкага узроўню адукацыі і расісцкага светапогляду. Гэтае стаўленне — раздражненне, абурэнне, страх — грунтуецца таксама і на штодзённым вопыце мільёнаў людзей, якія без асаблівых спадзяванняў пазіраюць у будучыню або нават ужо сёння не знаходзяць сабе месца на вялікім свяце жыцця. Пры дэмакратыі іх галасы таксама маюць значэнне. Таму што дэмакратыя — гэта сужыццё і дыялог насуперак адрозненням.

Тут варта працытаваць з тае ж FAZ: «Сёй-той лічыць, што калі яму добра, то і ўсе мусяць быць у захапленні ад гэтага грамадства. Калі людзі злыя, ім чытаюць лекцыі пра «разнастайнасць» ці раяць галасаваць за «правільных левых», якіх [насамрэч] няма. І думаюць, што пасля такіх лекцый зараз от ужо ўсё будзе акей. Ці ж гэта разумна?»

Такія нямецкія вывады. Мне здаецца, для мінскай ліберальнай тусоўкі яны былі б таксама нялішнімі. Хаця тут ёсць розніца. У Нямеччыне гэтыя дэбаты могуць мець практычныя вынікі, бо там праз год адбудуцца выбары. У Беларусі гэта асаблівага значэння мець не можа — з вядомых прычын.

Nice little country you have here

Пакуль жа ў гэтым гармідары можна для забавы паваждацца са структурай гэтага новага ўсяго, якое нам (не) пашчасціла назіраць у станаўленні. Пашукаць не такія сур’ёзныя і глабальныя зачэпкі.

«Nice little country you have here. Very clean» — кажа Джэралд Брафлофскі, наведваючы Данію.

Неяк у гэтым неспадзявана шмат беларускага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?