AFP

У пятніцу 11 лістапада тысячы людзей узялі ўдзел у першай імшы ў Храме Провіду Божага. Імша стала пачаткам урачыстасцяў, прымеркаваных да 98-годдзя аднаўлення Польшчай незалежнасці. У цырымоніі ўзялі ўдзел першыя асобы дзяржавы, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэм'ер-міністр Беата Шыдла.

Літургічная служба пачалася з выканання дзяржаўнага гімна. Кардынал Казімеж Ныч у сваёй прамове адзначыў, што дня адкрыцця храма палякі чакалі больш за 200 гадоў. Дэкларацыя аб будаўніцтве царквы была прынятая Вялікім Соймам ў 1791 годзе праз два дні пасля прыняцця Канстытуцыі 3 мая.

PAP

Было шмат спробаў выканаць абяцанне, але яны не ўвянчаліся поспехам. У 1998 годзе, па ініцыятыве прымаса Польшчы, кардынала Юзафа Глемпа, Сейм зноўку пацвердзіў сваё рашэнне ад 1791 года. Для будаўніцтва было выбранае месца ў цэнтры варшаўскага раёна Вілянаў. У новым конкурсе перамог праект прафесара Марка Будзыньскага.

Храм Провіду Божага мае форму куба з купалам. У верхнім храме размешчаныя алтары і капліцы, прысвечаныя важным падзеям у гісторыі Польшчы. Ніжні храм з'яўляецца свайго роду польскім Пантэонам — месцам пахавання выбітных палякаў, напрыклад, тут пахаваны святар Ян Твардоўскі і апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, які загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам.

PAP

Акрамя таго, на базе культурна-рэлігійнага Цэнтра Провіду Божага будзе створаны музей папы Яна Паўла II і прымаса Польшчы кардынала Стэфана Вышынскага. Адкрыццё музея запланаванае на восень 2018 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?